У Белгарадзкай вобласьці з-за ўдараў дронаў загінуў адзін мясцовы жыхар, яшчэ двое атрымалі раненьні, паведаміў губэрнатар рэгіёну Вячаслаў Гладкоў. Таксама раніцай зазнаў чарговы напад Белгарад — над рэгіёнам спрацавала сыстэма СПА, адзначае Гладкоў. У шматкватэрным доме абрынуліся тры бальконы — загінуў мужчына, яго жонку шпіталізавалі з закрытай чэрапна-мазгавой траўмай. Розныя раненьні атрымалі яшчэ чацьвёра белгарадцаў.
У горадзе пашкоджаны больш за дзясятак дамоў, аўтамабілі і аўтобус, вадзіцель якога падчас паветранай трывогі высадзіў пасажыраў каля сховішча, чым выратаваў іх жыцьці, піша Гладкоў.
У Самарскай вобласьці ўдарам дронаў падвергліся Куйбышаўскі і Новакойбышаўскі нафтавыя заводы, паведаміў губэрнатар рэгіёну Дзьмітрый Азараў. На першым загарэлася калёна першаснай перапрацоўкі нафты, атаку на другой удалося адбіць. Ахвяр і пацярпелых няма.
Раней кіраўнік міжнароднага нафтатрэйдара Gunvor Group Тарб’ёрн Торнквіст казаў, што Расея губляе да 600 тысяч барэляў перапрацаванай нафты ў дзень з-за нападаў дронаў на нафтаперапрацоўчыя заводы. Улады Украіны лічаць расейскія НПЗ легітымнымі мэтамі.
Паводле інфармацыі Мінабароны Расеі, агулам ноччу было зьнішчана 12 бесьпілётнікаў: па пяць над Бранскай і Белгарадзкай абласьцямі і па адным — над Варонескай і Саратаўскай. Самарскай вобласьці ў сьпісе няма.
Паводле губэрнатараў Варонескай і Бранскай абласьцей, пацярпелых і разбурэньняў з-за нападаў дронаў у іх рэгіёнах няма.
Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну расейскія рэгіёны рэгулярна падвяргаюцца абстрэлам і атакам дронаў. Мінабароны Расеі дае справаздачу аб «спыненьні» ўкраінскіх нападаў і паведамляе пра зьбітыя ракеты і дроны над тэрыторыяй Расеі. Ёсьць разбурэньні і ахвяры. У большасьці выпадкаў Кіеў гэтыя паведамленьні не камэнтуе.