Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гісторыя на Свабодзе». Лёс беларусаў у вайну быў прадвызначаны, проста ня так радыкальна па часе, як у выпадку габрэяў, — Яўген Мірановіч


Фотакаляж на фоне вокладкі кнігі «Вайна ўсіх з усімі. Беларусь (1941–1944)». Справа аўтар — Яўген Мірановіч
Фотакаляж на фоне вокладкі кнігі «Вайна ўсіх з усімі. Беларусь (1941–1944)». Справа аўтар — Яўген Мірановіч

Нацысты падчас акупацыі забівалі беларусаў ня толькі за падтрымку партызан. Зьнішчалі цэлыя вёскі і за ежу, за харчы. Беларуска-польскі гісторык зь Беластоку прафэсар Яўген Мірановіч напісаў пра гэта кнігу «Вайна ўсіх з усімі. Беларусь (1941–1944)». Сёньня габілітаваны доктар гісторыі, прафэсар Яўген Мірановіч адказвае на пытаньні Свабоды.

0:00 — хто і з кім ваяваў у грамадзянскай вайне, якая ішла ў Беларусі падчас акупацыі

4:57 — колькі беларусаў працавала ў нямецкай акупацыйнай адміністрацыі

7:15 — польска-беларускі фронт грамадзянскай вайны часоў акупацыі

8:28 — палескі і польска-савецкі франты грамадзянскай вайны

10:54 — колькі ахвяраў прынесла ўнутранае змаганьне на ўнутраных франтах у Беларусі пад акупацыяй

15:03 — што рабілі падчас акупацыі ў Беларусі расейскія калябаранты-нацыяналісты

16:55 — пра габрэйскае і татарскае пытаньне падчас акупацыі

18:47 — як нацысты забівалі беларусаў у рамках выкананьня гаспадарчых плянаў па загатоўцы харчовых прадуктаў

26:42 — дык ці быў генацыд адносна беларусаў у вайну

Фрагмэнт размовы Сяргея Абламейкі зь Яўгенам Мірановічам:

— Не магу не спытацца ў вас пра іншыя аспэкты дзьвюх вашых кніг пра акупацыю ў Беларусі. Па-першае, гэта жудасныя весткі пра так званую гаспадарчую аснову карных апэрацый немцаў супраць беларусаў. Раскажыце пра гэта, калі ласка, больш падрабязна.

— Існуюць дзёньнікі нямецкіх вайскоўцаў з батальёнаў СС пра карныя апэрацыі. Можна больш нічога не чытаць, толькі прачытаць гэтыя дзёньнікі. Там падрабязна апісваецца, як выглядала «пацыфікацыя» той ці іншай вёскі.

Афіцыйна абвяшчалася, што будзе ліквідацыя камуністычнага падпольля. Тая ці іншая вёска, вызначаная за падтрымку партызанаў-камуністаў. Але пляны для такіх «пацыфікацый» складаліся на два-тры тыдні раней. Ішла падрыхтоўка, фармаваліся адпаведныя структуры, якія будуць рэалізоўваць тую «пацыфікацыю» і якія будуць ахоўваць тэрыторыю, дзе асноўныя сілы будуць займацца забойствамі. І таксама загадзя фармаваліся абозы з фурманаў з суседніх вёсак, якія будуць чакаць, калі закончыцца расстрэл мясцовага насельніцтва.

Найчасьцей гэта было так. Вёска ці нават мястэчка, прызначаныя для расстрэлу, яшчэ да ўзыходу сонца браліся ў атачэньне. На досьвітку людзей будзілі, выганялі з дамоў, зьбіралі ў адным месцы, правяралі прысутнасьць і абвяшчалі прыгавор.

І вось у тых дзёньніках апісваецца, як а восьмай або а дзявятай гадзіне раніцы пачынаецца расстрэл і ў колькі гадзін ён заканчваецца. Напрыклад, калі вёска невялікая і насельніцтва яе складае 200 чалавек, то расстрэл трывае чатыры гадзіны, а калі ў вёсцы жыве 700–800 чалавек, то расстрэл працягваецца восем-дзевяць гадзін.

У дзёньніках пішацца, колькі дакладна было расстраляна жанчын, мужчын, дзяцей, і колькі чалавек ва ўзросьце ад 14 да 25 гадоў было адстаўлена ўбок для выкарыстаньня ў нямецкай гаспадарцы. Так што расстрэльвалі ня ўсіх. Той кантынгент, які можна было забраць на працу ў Нямеччыну, пакідалі жывым.

І, нарэшце, у тых дзёньніках расстрэлаў пісалася, колькі ў вёсцы знайшлі кароў, коней, сьвіней, іншай жывёлы і птушкі, колькі збожжа, і гэтак далей, усё было ўлічана. Гэтым усім таксама займаліся паліцэйскія фармаваньні. Пакуль адна нямецкая рота расстрэльвала, другая разам з паліцыяй займалася людзкой маёмасьцю.

Вельмі паказальна і важна, што ў дзёньніках дакладна ўказвалася, колькі на расстрэл было патрачана патронаў. Гэта было дакладна падлічана, пісалася нават, колькі было сабрана гільзаў. Наогул у немцаў усё было ўлічана, абмерана і ўзважана. Гаспадарка карнай акцыі была як у аптэцы. У канцы пісалася, колькі было выкарыстана фурманаў, колькі ім выдадзена фуражу і куды яны ўсё нарабаванае адвезьлі. І ў той жа самы дзень начальству падавалася справаздача.

І ўсё гэта паказвае, якім быў гаспадарчы прыбытак з той разьні, якую немцы рабілі ў той ці іншай мясцовасьці.

Дзе тыя акцыі праводзіліся? Яны адбываліся там, дзе ня быў пастаўлены кантынгент для працы ў Нямеччыне. Гэта ў першую чаргу. Другая прычына: невыкананьне паставак паводле вызначанага падатку. Мясцовасьць, якая ня выканала нормаў тых паставак, падвяргалася «пацыфікацыі». Натуральна, што найчасьцей так было ў тых мясцовасьцях, дзе найбольш актыўную працу праводзіла падпольле. А паводле падпольля, калі ты здаеш збожжа, мяса і малако немцам — значыць, ты здраднік, калябарант.

І былі цэлыя вёскі, якія цалкам падпарадкоўваліся заклікам партызанаў нічога не здаваць немцам і не пасылаць сваіх дзяцей на працу ў Нямеччыну, а пасылаць іх у партызанскія атрады. А пасьля прыходзілі немцы і ўсіх забівалі. Афіцыйна гэта апісвалася як змаганьне з савецкім падпольлем.

Гэты гаспадарчы аспэкт карных акцый быў вынікам таго, што немцы не маглі паводле сваіх адміністрацыйных загадаў выканаць тых плянаў, якія вызначаліся ў Бэрліне для беларускага насельніцтва.

Калі глядзець на гэта з чыста эканамічнага пункту гледжаньня, то падаткі, якія накладалі немцы, былі беларускім сялянам па сілах.

Адно што беларускім сялянам трэба было карміць і савецкае падпольле. І ня толькі. Яшчэ трэба было карміць людзей, якія хаваліся і ад немцаў, і ад савецкага падпольля. А такіх людзей было вельмі шмат, яны хацелі толькі ператрываць ліхі час. Таму і было гэта вялікай эканамічнай праблемай для сялян, якія самі ў выніку часта ня мелі што есьці, бо вакол усе хацелі ў іх тую ежу забраць.

Немцы не былі адзінымі прэтэндэнтамі на харчы беларускіх сялян. Адзінае, што яны здабывалі ў такі крывавы спосаб тое, што ім было заплянавана ў Бэрліне.

— З вашай кнігі паўстае карціна страшэннай трагедыі простага беларускага народу ў часе той вайны і акупацыі. Цяпер у Беларусі шмат размоваў вядзецца пра генацыд супраць беларускага народу ў часе Другой сусьветнай вайны і ў пасьляваенны пэрыяд. Беларуска-ізраільскі гісторык Леанід Сьмілавіцкі ў некалькіх інтэрвію Радыё Свабода ў апошнія гады разьдзяліў нацысцкі тэрор супраць беларусаў і нацысцкі генацыд супраць габрэяў. Іншымі словамі, ён катэгарычна ня згодны з уладамі Беларусі, што супраць беларусаў праводзіўся генацыд. Вы згодны з такімі ягонымі дэфініцыямі?

— Я чытаў шмат кніжак і публікацый Леаніда Сьмілавіцкага. Ён ужо даволі даўно займаецца праблемай габрэяў і генацыду габрэяў падчас нямецкай акупацыі, дэталёва падае матэрыял пра лёс габрэяў і мясцовага насельніцтва наогул падчас акупацыі. Але ўся справа ў тым, што ён мае на ўвазе пад словам «генацыд».

У Польшчы адносна сытуацыі габрэяў падчас акупацыі дамінуе слова «Галакост». Гэта фізычнае зьнішчэньне. І гэта праўда, што беларусы былі ў іншай сытуацыі, чым габрэі. Вярхоўныя ўлады Райха прызначылі габрэям поўнае вынішчэньне. Адносна беларусаў аж такіх радыкальных плянаў не было.

Існуе адзіны праект, які вядомы і які выйшаў зь нямецкай адміністрацыі, пад якім падпісаўся Эрхард Вэтцэль, супрацоўнік дэпартамэнту Міністэрства па акупаваных усходніх тэрыторыях. У тым праекце ён прадугледжваў, што калі немцы выйграюць вайну, то прыблізна 25 адсоткаў беларусаў, якія маюць прыкметы арыйскай расы, павінны застацца ў жывых. Іх трэба было паслаць у Нямеччыну на перавыхаваньне, адкуль яны павінны былі вярнуцца ўжо немцамі. Гэта абгрунтоўвалася тым, што ў сярэднявеччы варагі пакінулі свае сьляды ў Беларусі, таму можна было прызнаць, што кожны чацьвёрты беларус належыць да лепшай расы, чым астатнія. Ну, а 75% былі асуджаныя на ліквідацыю.

Ці гэта лепшая сытуацыя за габрэяў? Я б так не сказаў. Гэта той самы генацыд, тая самая ліквідацыя беларусаў, толькі пазьней. Габрэяў немцы хацелі ліквідаваць як найхутчэй, ужо ў 1943 годзе хацелі закрыць праблему габрэяў у Беларусі. А ў выпадку беларусаў меркавалася проста выкарыстаць іх для працы на карысьць Райху. Калі немцы вядуць вайну, то беларусы павінны быць, працаваць, пакуль гэтая тэрыторыя ня будзе населеная немцамі. А калі ўжо гэтая тэрыторыя будзе заселеная немцамі, то беларусаў, расейцаў і палякаў паслаць недзе за Ўрал.

Былі нават такія тэорыі, што там, за Ўралам, узьнікне польска-расейская этнічная варажнеча. Немцы, якія ведалі пра адносіны палякаў да расейцаў, думалі, што палякі з расейцамі і ў Сібіры будуць змагацца, і немцы будуць мець паўтарэньне гістарычнай сытуацыі на ўсход ад Уралу.

Але галоўнае, што на тэрыторыі Беларусі ў будучыні не павінна было быць ніякіх беларусаў. Лёс беларусаў, такім чынам, быў перадвызначаны, толькі адтэрмінаваны — ня так радыкальна, як у выпадку габрэяў.

А што мае на ўвазе пад словам «генацыд» Леанід Сьмілавіцкі, мне цяжка здагадацца. Не заўсёды яго тэрміналёгія ёсьць дакладнаю да сытуацыі, якую я прадстаўляю.

Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на папулярных падкаст-плятформах:

Наўпроставы лінк

«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG