Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускіх касманаўтаў абавязалі мець «цьвёрдую грамадзянскую пазыцыю» ўзамен на шэраг ільготаў


Марына Васілеўская і Анастасія Ленкава, якія рыхтаваліся да палёту ў космас, на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Архіўнае фота
Марына Васілеўская і Анастасія Ленкава, якія рыхтаваліся да палёту ў космас, на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Архіўнае фота

19 сакавіка Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ «Аб статусе беларускага касманаўта», які замацоўвае правы і абавязкі касманаўтаў, а таксама прадугледжвае шэраг ільготаў і прэфэрэнцыяў для іх.

Сярод іншага, указам вызначана, што беларускі касманаўт «павінен адпавядаць свайму высокаму званьню, валодаць цьвёрдай грамадзянскай пазыцыяй, браць актыўны ўдзел у грамадзка-палітычным жыцьці краіны, годна прадстаўляць Рэспубліку Беларусь на міжнароднай арэне».

Сярод ільготаў і прэфэрэнцыяў для касманаўтаў, вызначаных указам, — захаваньне пасады, мэдычнае абслугоўваньне ў Рэспубліканскім клінічным мэдычным цэнтры, пэнсійнае забесьпячэньне, дзяржаўная падтрымка пры будаўніцтве жыльля.

Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, дакумэнт прыняты «ў мэтах прызнаньня заслуг касманаўта перад радзімай» і «вызначэньня прававога становішча касманаўтаў».

Як паведамлялі раней, падрыхтоўка да экспэдыцыі на Міжнародную касьмічную станцыю, у якой удзельнічае прадстаўніца Беларусі, бортправадніца авіякампаніі Belavia Марына Васілеўская, выйшла на завяршальны этап. У асноўны склад экспэдыцыі, акрамя яе, уваходзяць камандзір экіпажа, касманаўт «Раскосмасу» Алег Навіцкі (Расея, ураджэнец Беларусі) і астранаўт NASA Колдвэл Дайсан Трэйсі (ЗША). Іх дублёры — Іван Вагнэр (Расея), Анастасія Ленкава (Беларусь) і Дональд Пэтыт (ЗША).

Першапачаткова палёт з удзелам беларускі заплянавалі на сакавік 2023 году. Пасьля заявілі, што з прычыны няштатнай сытуацыі ён перанесены на восень. Пазьней тэрмін перанесьлі яшчэ на паўгода — старт карабля намецілі на люты, а потым на 13 сакавіка 2024 году.

Цяпер заплянавана, што карабель «Саюз МС-25» стартуе на арбіту 21 сакавіка. Беларуская ўдзельніца экспэдыцыі правядзе на МКС 12 дзён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG