Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз асудзіў, Беларусь і КНДР віталі. Як за мяжой адрэагавалі на выбары ў Расеі

абноўлена

Выбары ў Расеі. Ілюстрацыйнае фота
Выбары ў Расеі. Ілюстрацыйнае фота

У Расеі 17 сакавіка прайшлі прэзыдэнцкія выбары. Паводле ЦВК, перамог Уладзімір Пуцін, атрымаўшы 87,3 працэнта галасоў пасьля падліку 99 працэнтаў пратаколаў. Аднак ня ўсе замежныя лідэры палічылі сапраўднымі афіцыйныя вынікі галасаваньня.

Галоўны дыплямат ЭЗ Жузэп Бурэль заявіў, што выбары ў Расеі «не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі». У заяве Бурэля гаворыцца, што галасаваньне праводзілася на аснове «рэпрэсій і запалохваньня», пры гэтым парушаючы сувэрэнітэт Украіны. Выбары незаконна праводзіліся на акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторыях, што зьяўляецца парушэньнем міжнароднага заканадаўства.

Эўразьвяз заявіў, што расейскія выбары прайшлі ва ўмовах «зь вельмі абмежаванымі магчымасьцямі» выбарнікаў, «узмоцненымі незаконнай агрэсіўнай вайной, якую Расея разьвязала супраць Украіны».

У ЭЗ выказалі шкадаваньне ў сувязі з рашэньнем расейскіх уладаў не запрашаць міжнародных назіральнікаў на выбары.

«Гэта ідзе ўразрэз з абавязаньнямі Расеі і пазбаўляе расейскіх выбарнікаў і інстытуты бесстароньняй і незалежнай ацэнкі гэтых выбараў», — гаворыцца ў сумеснай заяве ўсіх 27 краін – сяброў ЭЗ.

У заяве таксама гаворыцца, што «так званыя выбары», праведзеныя на часова акупаваных Расеяй тэрыторыях Украіны, зьяўляюцца «несапраўднымі».

Паводле эўрапейскага рэктарату Свабоды Рыкарда Юзьвяка, у заяве ЭЗ аб «выбарах» у Расеі няма нічога пра «нелегітымнасць» галасаваньня, у адрозненьне ад нядаўніх «выбараў» у Беларусі, і ёсьць асуджэньне галасаваньня на акупаваных тэрыторыях Украіны, але ня ў іншых краінах – кандыдатах у Эўразьвяз, такіх як Малдова і Грузія.

Выбары, якія адбыліся ў Расеі, нельга назваць «сапраўднымі», заявіла ў панядзелак міністар замежных спраў Нямеччыны Анналена Бэрбак.

«У Расеі прайшлі выбары бяз выбару», — сказала яна ў пачатку саміту міністраў замежных спраў эўрапейскіх краін. Яна таксама заявіла, што ЭЗ зьбіраецца ўвесьці новыя санкцыі ў дачыненьні да Расеі.

Перавыбраньне Ўладзіміра Пуціна адбылося ў кантэксьце рэпрэсій унутры грамадзянскай супольнасьці, і ўмовы для правядзеньня свабодных і дэмакратычных выбараў не былі выкананыя, заявілі ў Міністэрстве замежных спраў Францыі.

У заяве МЗС таксама выказваецца захапленьне мужнасьцю «многіх расейскіх грамадзян, якія мірна пратэставалі супраць гэтай атакі на іх асноўныя палітычныя правы».

Міністар замежных спраў Італіі Антоніё Таяні заявіў, што «выбары не былі ні свабоднымі, ні сумленнымі... Мы працягваем працаваць дзеля справядлівага сьвету, які прымусіць Расею спыніць агрэсіўную вайну супраць Украіны ў адпаведнасьці з міжнародным правам».

Міністар замежных спраў Чэхіі Ян Ліпаўскі назваў выбары «фарсам і пародыяй». Ён сказаў:

«Гэта былі расейскія прэзыдэнцкія выбары, якія паказалі, як гэты рэжым душыць грамадзянскую супольнасьць, незалежныя СМІ, апазыцыю»

Перамога на выбарах расейскага прэзыдэнта Уладзіміра Пуціна ня мае легітымнасьці, бо людзі не былі свабодныя ў выбары, заявіў у панядзелак міністар замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс.

«У гэтай атмасфэры несвабоды дакладна ня можа быць выбараў», — сказаў Ландсбергіс перад сустрэчай з калегамі з ЭЗ у Брусэлі.

Галасаваньне на выбарах прэзыдэнта Расеі адбылося «пры рэпрэсіях у дачыненьні да грамадзтва, што зрабіла немагчымым свабодны, дэмакратычны выбар», заявіла міністэрства замежных спраў Польшчы па выніках электаральнай працэдуры, якая завяршылася 17 сакавіка.

Насуперак міжнароднаму праву, галасаваньне было арганізавана таксама на часова акупаваных землях Украіны, а менавіта ў Крыме, Севастопалі, а таксама частках Данецкай, Луганскай, Запароскай і Херсонскай абласьцей. Так арганізаваныя «выбары» нельга прызнаць ні легальнымі, ні свабоднымі, ні сумленнымі, гаворыцца ў заяве польскага міністэрства.

Нелегальнае рашэньне аб правядзеньні выбараў на часовай акупаванай украінскай тэрыторыі зьяўляецца «дэманстратыўным парушэньнем міжнароднага права, уключаючы Статут ААН».

Польшча «не прызнае і ніколі не прызнае арганізацыі, а таксама вынікаў „выбараў“ на часова акупаваных украінскіх землях», гаворыцца ў заяве.

У дакумэнце польскі МЗС таксама заклікаў Расею «да неадкладнага і безумоўнага вываду яе войскаў і ўзбраеньня з тэрыторыі Ўкраіны».

КНДР павіншавала

Тым часам лідэр Паўночная Карэі Кім Чэн Ын накіраваў віншаваньні Ўладзіміру Пуціну з перавыбраньнем на пасаду прэзыдэнта, паведамляе дзяржагенцтва ЦТАК. Прэзыдэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон таксама павіншаваў Пуціна з перамогай на выбарах. Тэкст ліста Рахмона, у якім ён зычыў расейскаму калегу «новых вялікіх посьпехаў у рэалізацыі намечаных плянаў у імя дабрабыту і працьвітаньня брацкай Расеі», апублікавала агенцтва «Ховар».

МЗС Беларусі назвала выбары ў Расеі свабоднымі

Заяву ў сувязі з выбарамі прэзыдэнта ў Расеі апублікавала МЗС Беларусі.

У ёй гаворыцца, што «выбары былі праведзены ў поўнай адпаведнасьці з нацыянальным заканадаўствам, прайшлі на канкурэнтнай аснове і пры забесьпячэньні свабоднага волевыяўленьня грамадзян». У МЗС Беларусі заклікалі «ўсе незалежныя дзяржавы паважаць сувэрэнную волю расейскага народу».

  • ЦВК Расеі паведамляе, што Ўладзімір Пуцін атрымаў перамогу на выбарах прэзыдэнта Расеі, набраўшы 87,3 працэнта галасоў пасьля падліку 99 працэнтаў пратаколаў.
  • Незалежныя назіральнікі і экспэрты ацэньваюць выбары як несвабодныя і неканкурэнтныя. Пуцін, які кіруе Расеяй з 2000 году, балятаваўся на пяты тэрмін. Усім кандыдатам ад непарлямэнцкіх партый і самавылучэнцам, якія зьбіралі подпісы, Цэнтральная выбарчая камісія ў рэгістрацыі адмовіла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG