Украіна спыніла дзеяньне Пагадненьня з урадам Беларусі аб дзейнасьці чыгуначнага транспарту, падпісанага 17 сьнежня 1992 году ў Кіеве. Пра гэта паведаміў прадстаўнік урада ў Вярхоўнай радзе Ўкраіны Тарас Мельнічук.
Пагадненьне вызначала супрацоўніцтва паміж краінамі ў грузавых і пасажырскіх перавозках па чыгунцы, прадугледжвала каардынаваньне тарыфнай палітыкі, фінансавыя адносіны бакоў, а таксама супрацоўніцтва ў падрыхтоўцы чыгуначнікаў. Украіна спыніла грузавыя чыгуначныя зносіны зь Беларусьсю 24 лютага 2022 годк, з пачаткам поўнамаштабнага ўварваньня Расеі з тэрыторыі Беларусі. Пасажырскія чыгуначныя паміж краінамі былі спыненыя раней, у сувязі з пандэміяй каранавірусу.
Таксама Мельнічук паведаміў пра ўхваленьне праекту закона «Аб дэнансацыі пагадненьня паміж Кабінэтам міністраў Украіны і ўрадам Рэспублікі Беларусь аб супрацоўніцтве ў галіне папярэджаньня надзвычайных сытуацый і ліквідацыі іх наступстваў», падпісанага 7 ліпеня 2000 году ў Менску.
Якія яшчэ пагадзеньні зь Беларусьсю дэнансавала Ўкраіна
Цягам 2022 і першай паловы 2023 году Ўкраіна дэнансавала (выйшла або спыніла дзеяньне) больш за 30 міжнародных дакумэнтаў, якія вызначалі супрацу зь Беларусьсю ў розных сфэрах, у тым ліку:
- аб назіраньні ў пунктах пропуску на мяжы;
- аб супрацы зь Беларусьсю ў авіяцыйным пошуку і ратаваньні;
- аб паветраных зносінах;
- аб свабодным гандлі;
- аб узаемных пастаўках у 1995 годзе ўзбраеньня, вайсковай тэхнікі, іншых матэрыяльных сродкаў;
- аб аказаньні паслуг дзеля патрэбаў абароны і бясьпекі ад 1994 году;
- аб дадатковых мерах даверу і бясьпекі;
- аб правядзеньні сумесных навукова-дасьледчых і досьледна-канструктарскіх работ у галіне ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі;
- аб узаемнай ахове правоў на вынікі інтэлектуальнай дзейнасьці, створаныя і прадэманстраваныя ў ходзе двухбаковага вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва;
- аб узаемадзеяньні ў сфэры геадэзіі, картаграфіі і дыстанцыйнага зандаваньня зямлі;
- аб супрацы ў сфэры дасьледаваньняў і выкарыстаньня касьмічнай прасторы ў мірных мэтах;
- аб супрацы памежных структураў і малым памежным руху;
- аб супрацы ў сфэры кіналёгіі і абмену інфармацыяй;
- аб уніканьні двайнога падаткаабкладаньня;
- аб супрацы ў галіне моладзевай палітыкі;
- аб вытворчай і навукова-тэхнічнай каапэрацыі прадпрыемстваў і арганізацыяў абаронных галін прамысловасьці;
- аб вадаплаўстве па ўнутраных водных шляхах;
- аб узаемным прызнаньні і эквівалентнасьці дакумэнтаў аб адукацыі і навуковых званьнях;
- аб супрацы ў сфэры атэстацыі навуковых і навукова-пэдагагічных кадраў;
- аб супрацы ў сфэры навукі і тэхналёгіяў;
- аб супрацы ў сфэры стандартызацыі, мэтралёгіі і сэртыфікацыі;
- аб супрацы паміж міністэрствамі ўнутраных спраў (міжведамаснае пагадненьне зь Беларусьсю);
- аб сацыяльнай абароне працоўных мігрантаў.
Разам з тым украінскае кіраўніцтва заяўляе, што не зьбіраецца разрываць зь Беларусьсю дыпляматычныя адносіны.