Падчас сустрэчы музыкі падзякавалі Сьвятлане Ціханоўскай за падтрымку ў справе іх вызваленьня з тайскай турмы. Ціханоўская выказала словы павагі музыкам ад беларусаў за іх антываенную пазыцыю, і папрасіла не забываць сваё беларускае паходжаньне, паведамляе прэс-служба беларускай дэмакратычнай лідэркі.
Музыкі «Бі-2» распавялі Ціханоўскай, што хацелі ў 2020-м выступіць каля Стэлы ў Менску, але не пасьпелі. Ціханоўская запытала, ці выступяць музыкі пасьля перамогі ў Менску. Яны сказалі, што абавязкова.
У Вільні адбыўся першы канцэрт «Бі-2» пасьля падзеяў у Тайляндзе, калі іх затрымалі на запыт расейскіх уладаў.
Музыкаў прыйшлі паслухаць і падтрымаць шмат беларусаў. Падчас канцэрту ў залі былі бел-чырвона-белыя сьцягі.
На запрашэньне фронтмэнаў гурта Лёвы і Шуры Ціханоўская засталася на канцэрт, музыкі прывіталі беларусаў са сцэны.
«Вельмі прыемная сустрэча са Святланай Ціханоўскай перад канцэртам! Вільня, дзякуй!» — напісаў у сваім Інстаграме Лёва «Бі-2» і апублікаваў фота сустрэчы.
15 сакавіка, перад канцэртам у Вільні, саліст «Бі-2» Лёва (Ягор Бортнік) даў вялікае інтэрвію Радыё Свабода:
- «Бі-2» — расейскамоўны рок-гурт, утвораны ў 1988 годзе ў Бабруйску. Заснавальнікі і ўдзельнікі — Шура Бі-2 (Аляксандар Уман — гітара, вакал) і Лёва Бі-2 (Ягор Бортнік — асноўны вакал). У склад каманды таксама ўваходзяць Андрэй Званкоў (гітара), Макс Лакмус (бас-гітара), Барыс Ліфшыц (ударныя, пэркусія) і Ян Нікаленка (бэк-вакал, клявішныя, флейта, пэркусія).
- У 2020-м музыкі «Бі-2» падтрымалі пратэсты ў Беларусі.
- Неўзабаве пасьля пачатку вайны гурт «Бі-2» быў вымушаны спыніць канцэрты ў Расеі і Беларусі.
- У красавіку артысты адмовіліся выступаць у Омску, бо ў залі быў плякат «Zа президента», пасьля гэтага ўсе іх канцэрты ў РФ скасавалі або надоўга адклалі.
- Музыкі рок-гурту «Бі-2» правялі па 5-6 дзён у тайскай турме. Іх затрымалі 25 студзеня. Афіцыйнай прычынай арышту стала тое, што яны выступалі ў Тайляндзе з канцэртамі без адпаведнага дазволу. Расейскі кансулят у Тайляндзе дамагаўся дэпартацыі музыкаў у Расею. Урэшце ўсіх музыкаў вызвалілі і яны змаглі пакінуць Тайлянд.