Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнат ЗША ўхваліў законапраект аб частковым фінансаваньні ўраду


Сэнат ЗША ўхваліў пакет законапраектаў аб фінансаваньні амаль паловы ўсіх урадавых ведамстваў і праграм на агульную суму звыш 460 мільярдаў даляраў да канцу 2024 фінансавага году, які заканчваецца 30 верасьня.

Як паведамляе агенцтва Reuters, законапраекты падтрымалі 75 сябраў верхняй палаты Кангрэсу, 22 выказаліся супраць. Раней на гэтым тыдні іх ухваліла Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША. Цяпер дакумэнт паступіць на подпіс прэзыдэнту ЗША Джо Байдэну.

Прыняты пакет з 6 законапраектаў дае магчымасьць прадоўжыць фінансаваньне шэрагу міністэрстваў, у тым ліку сельскай гаспадаркі, юстыцыі, транспарту, жыльлёвага будаўніцтва і гарадзкога разьвіцьця, а таксама датычыцца будаўнічых праектаў на вайсковых базах і дапамогі вэтэранам.

Галасаваньне ў Сэнаце ЗША прайшло ўсяго за некалькі гадзін да заканчэньня бягучага тэрміну фінансаваньня, што дазволіла прадухіліць шатдаўн — частковае прыпыненьне працы фэдэральнага ўраду.

Як адзначае Reuters, Кангрэсу ўсё яшчэ трэба дасягнуць пагадненьня па значна больш шырокім пакеце законапраектаў аб выдатках, які ахоплівае войска, унутраную бясьпеку, ахову здароўя і іншыя сфэры. Фінансаваньне гэтых праграм заканчваецца 22 сакавіка.

У пачатку студзеня Кангрэс дасягнуў пагадненьня па фінансаваньні ўраду ў памеры 1,66 трыльёна даляраў на 2024 фінансавы год у параўнаньні з 1,7 трыльёна даляраў у папярэднім годзе. Прапанаваны бюджэт уключае рэкордныя 886 млрд даляраў на абарону.

Бюджэтныя рознагалосьсі ў Кангрэсе сярод іншага запавольваюць наданьне дапамогі Ўкраіне ў памеры 60 мільярдаў даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG