Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьявілася першая сэрыя ўнікальнага экспэдыцыйнага сэрыялу «Бортнікі Ўбарцкага Палесься»


Скрыншот з сэрыялу «Бортнікі Убарцкага Палесься»
Скрыншот з сэрыялу «Бортнікі Убарцкага Палесься»

Экспэдыцыйны сэрыял з 11 сэрыяў «Бортнікі Убарцкага Палесься» расказвае пра старадаўнюю традыцыю ляснога пчалярства, калі пчолы жывуць у дуплах дрэў або калодах – борцях, паведамляе Reform.by.

У сэрыяле 44 спадчынныя бортнікі і іх сем’і апавядаюць пра свой промысел.

Інтэрвію запісвалі ў асноўным падчас экспэдыцый 2014-2020 гадоў на Убарцкае Палесьсе (Убарць — прыток Прыпяці). Там жыве каля 200 сем’яў, што захавалі традыцыю бортніцтва, якая перадавалася з пакаленьня ў пакаленьне (некаторым борцям да 150-200 гадоў). Дасьледчыкаў тады ўразіла, што бортнікі займаюцца гэтым не дзеля грошай, а для таго, каб на палях, агародах і ў садах, дзе пчолы апыляюць расьліны, усё ўрадзіла.

Першая сэрыя зьмяшчае архіўныя відэа 1939 году пра бортнікаў беларускай зямлі і распавядае пра паважаную дынастыю «Бартнікоў» вёскі Дзяржынск (Радзілавічы):

Фатограф Альфрэд Мікус, які рабіў фотарэпартажы экспэдыцый, распавядаў:

«Мёд яны не прадаюць. Трэба табе — дадуць проста так. Ёсьць у іх цікавая традыцыя: калі ідуць глядзець мёд, бяруць з сабой кавалак хлеба для сустрэчнага падарожніка: калі кагосьці ўбачаць па дарозе, абавязкова пачастуюць хлебам зь мёдам. І яны ж лазяць да борцяў бяз масак і пальчатак. Я спытаў аднаго бортніка з распухлымі далонямі, ці джаляць яго пчолы. А ён адказаў: „Не, не кусае пчала. Яна цалуе“. Прычым займаюцца гэтым і 20-гадовыя хлопцы, і 80-гадовыя старыя».

Гэты традыцыйны промысел грунтуецца на глыбокіх культурных традыцыях, якія ахопліваюць як канкрэтныя практыкі па вырабе калодаў, вульляў, борцяў, прыладаў і прыстасаваньняў, так і шырокі пласт ведаў пра навакольны сьвет, — своеасаблівы культурны код супольнасьці, сям’і, роду. Таму кожны бортнік — унікальны носьбіт традыцыйных ведаў.

Важнай задачай гэтых экспэдыцый, што праходзілі пад кіраўніцтвам Івана Восіпава і Рэгіны Гамзовіч, было задакумэнтаваць, захаваць гэтую памяць для саміх сем’яў пчаляроў, жыхароў вёсак і будучых пакаленьняў.

У 2020 годзе культуру бортніцтва Беларусі і Польшчы ўнесьлі ў сьпіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЭСКА.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG