Каля парлямэнту адбыліся сутыкненьні паміж фэрмэрамі і паліцыяй. Паводле дадзеных паліцыі, некаторыя з пратэстоўцаў спрабавалі прайсьці праз загароды да будынку Сэйму.
«У сувязі зь фізычнай агрэсіяй у дачыненьні да паліцыянтаў з боку некаторых пратэстоўцаў... давялося прымяніць прамыя меры прымусу. Паводзіны, якія пагражаюць бясьпецы нашых афіцэраў, уключаючы кіданьне ў іх бруку, ня могуць успрымацца легкадумна і патрабуюць цьвёрдага і рашучага адказу», — паведаміла мясцовая паліцыя ў сацсетцы Х.
У ведамстве дадаюць, што некалькі афіцэраў атрымалі раненьні, затрыманыя некалькі дзясяткаў чалавек.
Польскія фэрмэры патрабуюць ад уладаў абмежаваць увоз у краіну сельскагаспадарчай прадукцыі з Украіны. Паводле арганізатараў пратэсту, таннае збожжа і іншыя прадукты з Украіны сталі прычынай рэзкага падзеньня цаны на іх уласную прадукцыю. Таксама фэрмэры дамагаюцца, каб Эўразьвяз адмовіўся ад праэкалягічнай праграмы «Зялёны лад», якая, на іх думку, моцна ўдарыць па фэрмэрах.