Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску заявілі аб «транспартнай і фінансавай блякадзе» Беларусі Захадам


Міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік, архіўнае фота
Міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік, архіўнае фота

У МЗС Беларусі паабяцалі «жорстка дабівацца аднаўленьня свабоднага руху жыцьцёва важных тавараў, перш за ўсё, гуманітарных».

Міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік заявіў, што, нягледзячы на «транспартную і фінансавую блякаду», арганізаваную заходнімі дзяржавамі, Беларусь гандлюе больш чым з 200 краінамі і тэрыторыямі, а сваю прадукцыю экспартуе ў 160 дзяржаваў.

«Заходнікі ж даходзяць да нелегітымнай транспартнай і фінансавай блякады нашай краіны. Адвольна прымяняюць нават уласнае санкцыйнае заканадаўства. Запалохваюць свой бізнэс, дэзынфармуюць сваё насельніцтва, груба топчуць міжнароднае гандлёвае права», — заявіў Сяргей Алейнік на пасяджэньні калегіі Міністэрства замежных справаў Беларусі 6 сакавіка.

У той жа час міністар адзначыў, што ў Беларусі ўжо бачаць «асобныя прыкметы працьверажэньня ўсё большай колькасьці апанэнтаў з заходніх краін».

«Прадоўжым гэтую лінію. Адначасова будзем жорстка дабівацца аднаўленьня свабоднага руху жыцьцёва важных тавараў, перш за ўсё, гуманітарных. Прадоўжым даводзіць людзям на Захадзе праўду пра дзеяньні іхных палітыкаў, якія ідуць насуперак нацыянальным інтарэсам. Бачым, што запыт на гэта ў іх няўхільна расьце», — заявіў Сяргей Алейнік.

Паводле яго, «даносіць да партнэраў і контрапартнэраў праўдзівую інфармацыю аб Беларусі і аб працэсах, якія адбываюцца ў нашай краіне, вельмі важна і з гледзішча ланцужка электаральных кампаніяў, якія вызначаюць курс нашай краіны на будучыню».

«Міжнароднае суправаджэньне гэтых падзеяў — найважнейшая задача МЗС. Мы ўжо паказалі сьвету нашы сумленныя і адкрытыя парлямэнцкія выбары», — дадаў міністар замежных справаў Беларусі.

Сяргей Алейнік паведаміў, што ў 2023 годзе Беларусь гандлявала больш чым з 200 краінамі і тэрыторыямі і экспартавала сваю прадукцыю ў 160 дзяржаваў. Аднак найбольш эфэктыўным ён назваў гандаль з Расеяй, Кітаем і краінамі Эўразійскага эканамічнага саюзу — Таджыкістанам, Казахстанам, Азэрбайджанам і Ўзбэкістанам. Цяпер, паводле яго, рыхтуецца «дарожная мапа» супрацы з Кіргізстанам.

Паводле розных мэтадалёгіяў, у сьвеце налічваюць 256 краін, у тым ліку 196 незалежных, тры дзяржавы зь нявызначаным статусам, 54 залежныя ад іншых краін тэрыторыі і тры тэрыторыі з асаблівым статусам, вызначаным міжнародным правам. У склад ААН уваходзяць 193 дзяржавы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG