Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прысьвяціла жыцьцё абароне правоў жанчын, дзяцей, ЛГБТКІ+». Гарбунова атрымала Міжнародную жаночую прэмію за адвагу Дзярждэпартамэнту ЗША


Вольга Гарбунова
Вольга Гарбунова

Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэта (АПК) у сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова стала ляўрэаткаю Міжнароднай жаночай прэміі за адвагу (IWOC).

Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк» з спасылкай на заснавальніка гэтай узнагароды — Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША.

Амэрыканскае замежнапалітычнае ведамства адзначыла, што Гарбунова — беларуская праваабаронца, якая «прысьвяціла сваё жыцьцё абароне правоў жанчын, дзяцей, ЛГБТКІ+ і іншых маргіналізаваных групаў у Беларусі».

«Пасьля фальсыфікацыі выбараў 2020 году ў Беларусі спадарыня Гарбунова была заключаная ў турму рэжымам Лукашэнкі пасьля арганізацыі жаночых маршаў і, знаходзячыся ў турме, зазнала псыхалягічныя катаваньні з боку ўладаў і пагрозы забіць яе за дапамогу жанчынам, якія зазналі гвалт, — гаворыцца ў паведамленьні Дзяржаўнага дэпартамэнту. — Пасьля вызваленьня спадарыня Гарбунова зьехала зь Беларусі, асьцерагаючыся працягу рэпрэсіяў, і ў выгнаньні ў Літве далучылася да кабінэту Сьвятланы Ціханоўскай, лідэркі беларускага дэмакратычнага руху».

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША зьвярнуў увагу на тое, што мандат Гарбуновай як прадстаўніцы АПК у сацыяльных пытаньнях «уключае ў сябе барацьбу за вызваленьне палітычных зьняволеных, аказаньне падтрымкі былым палітвязьням і іхным семʼям, а таксама спрыяньне псыхасацыяльнай падтрымцы беларускай супольнасьці ў выгнаньні».

«Як былая кіраўніца няўрадавай арганізацыі „Радзіслава“, якая ў выніку была закрытая рэжымам Лукашэнкі, спадарыня Гарбунова была наватарам у справе падтрымкі ахвяраў хатняга гвалту і на працягу дваццаці гадоў кіравала адным з нешматлікіх у Беларусі прытулкаў для дзяцей і жанчын», — адзначае Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША.

Акрамя Гарбуновай да ўзнагароды сёлета прадстаўленыя прадстаўніцы Афганістану, Банглядэш, Босьніі й Герцагавіны, Гамбіі, Ірану, Кубы, Марока, Мʼянмы, Уганды, Эквадору і Японіі.

Ляўрэатаў узнагародзяць 4 сакавіка дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен і першая лэдзі Джыл Байдэн. Цырымонія будзе трансьлявацца ў жывым этэры на сайтах Белага дому і Дзярждэпартамэнту.

Пасьля ўзнагароджаньня ляўрэаткі возьмуць удзел у праграме International Visitor Leadership Program і дадатковых праграмах у Лос-Анджэлесе, падчас якіх яны разам з амэрыканскімі каляжанкамі абмяркуюць «стратэгіі і ідэі пашырэньня правоў і магчымасьцяў жанчын і дзяўчат ува ўсім сьвеце».

Амэрыканскае замежнапалітычнае ведамства з 2007 году ўручае гэтую прэмію «жанчынам з усяго сьвету, якія прадэманстравалі выключную мужнасьць, сілу і лідэрства ў адстойваньні міру, справядлівасьці, правоў чалавека, гендэрнай роўнасьці і раўнапраўя, а таксама пашырэньня правоў і магчымасьцяў жанчын і дзяўчат ува ўсёй іх разнастайнасьці — часта зь вялікай рызыкай і самаахвяраваньнем».

За амаль 20-гадовую гісторыю прэміі да ўзнагароды было прадстаўлена больш за 190 жанчын з 90 краінаў. Кандыдатуры вылучаюць дыпляматычныя прадстаўніцтвы ЗША за мяжой, фіналістак адбіраюць і зацьвярджаюць высокапастаўленыя службоўцы Дзяржаўнага дэпартамэнту.

Ляўрэаткамі гэтай прэміі ў мінулым былі беларускі Наста Дашкевіч (у 2011 годзе) і Марыя Калесьнікава (у 2021 годзе).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG