Памерла 25-гадовая беларуска Лізавета, на якую жорстка напалі ў цэнтры Варшавы. Інфармацыю польскаму выданьню Onet пацьвердзіла Барбара Мяткоўская, прэс-сакратарка клінічнага цэнтру Мэдычнага ўнівэрсытэту Варшавы. Непасрэднай прычынай сьмерці жанчыны стала гібель мозгу. Жанчына ў цяжкім стане знаходзілася ў аддзяленьні рэанімацыі і анэстэзіялёгіі адной са сталічных лякарняў.
За некалькі дзён у дапамогу ёй сабралі 547 817 злотых (137,4 тысячы даляраў) з заяўленых 800 тысяч. Сродкі перавёў 10 471 чалавек.
Збор абвясьціў хлопец дзяўчыны. Ён паведаміў, што сам ён ураджэнец Украіны, а яго дзяўчына Лізавета родам зь Беларусі.
Хлопец Лізаветы падзякаваў у сацсетках «за данаты, за кантакты, словы падтрымкі і малітвы. Мы вельмі ўдзячныя лекарам, якія зрабілі ўсё магчымае, каб уратаваць жыцьцё Лізы».
Крыніцы парталу «Люстэрка» паведамляюць, што цяпер сваякі жанчыны вырашаюць юрыдычныя фармальнасьці, зьвязаныя з пахаваньнем.
«Адзіны законны прадстаўнік Лізаветы — яе родны брат, але ў яго няма візы для таго, каб прыехаць у Польшчу, — паведаміла крыніца, блізкая да сямʼі беларускі. — Мы зараз спрабуем разабрацца, што нам з гэтым рабіць, хто ўпаўнаважаны яе пахаваць».
Суразмоўца парталу дадаў, што сваякі чакаюць рахунку са шпіталя, дзе ляжала Лізавета. Дакладнай сумы, якую трэба заплаціць за паслугі клінікі, ён ня ведае. Мэдыкі сказалі яму, што могуць назваць суму толькі законнаму прадстаўніку.
Па словах крыніцы «Люстэрка», кантроль над разьмеркаваньнем грошай, сабраных на лячэньне Лізаветы, возьме на сябе польскі бок:
«Палякі ўжо адназначна сказалі, што гэты фінансавы збор будзе кантраляваць дзяржава. Умоўна кажучы, калі нехта выдаткуе гэтыя грошы на іншыя мэты, то такі ўчынак будзе расцэнены як махлярства. Доступ да рахунку са сродкамі пакуль абмежаваны. Усе выплаты будуць праходзіць пасьля адпаведнай вэрыфікацыі. Магчыма, некаторая сума будзе выдаткавана на адвакатаў, якія абараняюць інтарэсы Лізаветы ў крымінальным працэсе, а таксама на паслугі па легалізацыі неабходных дакумэнтаў і зьвязаныя з пахаваньнем».
На старонцы са зборам сродкаў таксама зьявілася паведамленьне ад рэсурсу Pomagam.pl. Адміністрацыя рэсурсу паведаміла, што ў сувязі зь вялікай цікавасьцю да дапамогі Лізавеце яна паклапацілася аб тым, каб ахвяраваныя сродкі былі патрачаныя на мэту, названую ў апісаньні збору:
«Падтрымліваючы гэты збор сродкаў, вы можаце быць упэўненыя, што сродкі пойдуць на лячэньне Лізаветы. У выпадку, калі якія-небудзь абставіны перашкодзяць гэтаму, усе складкі будуць вернутыя ахвярадаўцам».