Сьцісла:
- Працэс падрыхтоўкі да ўступленьня Беларусі ў гэтую арганізацыю быў спынены з прычыны саўдзелу ў агрэсіі супраць Украіны.
- Беларусь вядзе перамовы пра ўступленьне ў СГА з 1993-га, больш за 30 гадоў.
- Беларусь — адзіная краіна з ЭАЭС, якая не ўступіла ў гэтую арганізацыю.
- Беларуская сацыяльная мадэль і сяброўства ў СГА цяжка сумяшчаюцца.
- Уступленьне ў розныя міжнародныя арганізацыі азначала б усталяваньне пэўных вонкавых абмежаваньняў аднаасобнай уладзе Лукашэнкі.
У 2022 годзе рашэньнем СГА працэс падрыхтоўкі да ўступленьня Беларусі ў гэтую арганізацыю быў спынены з прычыны саўдзелу Менску ў агрэсіі супраць Украіны.
«Мы вырашылі, што Беларусь не падыходзіць для сяброўства ў СГА. Мы далей больш не разглядаем яе заяўку на ўступленьне», — гаварылася ў дакумэнце гэтай арганізацыі.
Аднак праблема ўступленьня Беларусі ў СГА больш глыбокая, і зьвязаная яна ня толькі з падтрымкай афіцыйным Менскам агрэсіі Расеі супраць Украіны. Справа ў тым, што Беларусь вядзе перамовы аб уступленьні ў СГА з 1993 (!) году. Больш за 30 гадоў! Гэты працэс асабліва актывізаваўся паміж 2016 і 2019 гадамі. Бо ўзьнікла дзіўная сытуацыя: усе іншыя краіны — сябры Эўразійскага эканамічнага саюзу (ЭАЭС) — члены СГА. А Беларусь адзіная заставалася па-за гэтай арганізацыяй. Тым ня менш, паколькі Эўразійскі эканамічны саюз функцыянуе паводле правілаў СГА з 2012 году, то і Беларусь павінна прытрымлівацца гэтых нормаў.
Але пры гэтым Беларусь ня можа скарыстацца гэтай арганізацыяй дзеля абароны сваіх вытворцаў, калі ў нейкай дзяржаве супраць беларускай прадукцыі чыняцца перашкоды. Гэта значыць, Беларусь атрымлівае ўсе мінусы дзейнасьці па правілах Усясьветнай гандлёвай арганізацыі, але ня можа скарыстацца плюсамі.
Таму ў 2018 годзе тагачасны прэм’ер-міністар Сяргей Румас ставіў перад урадам задачу ўступіць у СГА ў 2020 годзе, завяршыўшы ўсе перамовы ў 2019-м. Працэс ішоў даволі інтэнсіўна. Але здарыўся 2020 год, у выніку дзеяньняў рэжыму Беларусь трапіла ў ізаляцыю, паступова выкідалася з розных міжнародных арганізацый, што адбілася і на адносінах з СГА.
Аднак гэта тычыцца апошніх трох гадоў. А чаму на працягу папярэдніх 27 гадоў перамоваў аб уступленьні краіны ў СГА не ўдавалася дасягнуць плёну?
Найперш справа ў тым, што беларуская сацыяльная мадэль і сяброўства ў СГА — рэчы цяжкасумяшчальныя. Калі краіна далучаецца да гэтай арганізацыі, то бярэ на сябе абавязкі зьнізіць мытныя тарыфы на імпарт прадукцыі іншых дзяржаў. І гэта значыць, што на ўнутраным рынку павінна зьявіцца значна больш замежных тавараў. Што стварае канкурэнцыю, ставіць у складаныя ўмовы нацыянальных вытворцаў. А беларускія дзяржпрадпрыемствы да канкурэнцыі не прывыклі. Калі тут зьявяцца трактары John Deere, то што будзе з МТЗ? Праграмы імпартазамяшчэньня цяжка сумясьціць з правіламі СГА.
Таксама сяброўства ў СГА ў пэўным сэнсе абмяжоўвае ручное кіраваньне эканомікай. Палітыку пратэкцыянізму, барацьбы зь імпартам трэба было б весьці паводле правілаў, за парушэньне якіх краіны караюцца. Існуюць пэўныя абмежаваньні ў падтрымцы нацыянальных вытворцаў. Гэта значыць, урад ня можа падтрымліваць у вялікіх памерах гігантаў прамысловасьці, сельскую гаспадарку.
Наступная прычына менш сыстэмная, а больш псыхалягічная. Аляксандар Лукашэнка пасьпяхова зьліквідаваў усялякі кантроль за сваёй уладай, дэмантаваў сыстэму стрымліваньняў і проціваг унутры краіны. І на гэтым тле ўступленьне ў розныя міжнародныя арганізацыі азначала б усталяваньне пэўных вонкавых абмежаваньняў ягонай аднаасобнай уладзе. І цалкам зразумелае ягонае нэгатыўнае стаўленьне да сяброўства ў СГА, Радзе Эўропы, непрыняцьце парадаў ад МВФ, Сусьветнага банку і інш.
Увесь 30-гадовы пэрыяд кіраваньня Лукашэнкі — гэта дэманстрацыя пагарды да міжнародных нормаў, нежаданьня прымаць правілы, якія існуюць у сусьветнай супольнасьці, спробаў навязаць сьвету свае стандарты паводзін. Імкненьне да абсалютнай улады, усёдазволенасьці, ліквідацыя любых абмежаваньняў ягонай дзейнасьці лягічна і натуральна распаўсюджваецца і на міжнародную палітыку. Таму ўмацаваньне сувэрэнітэту Беларусі ўсё больш трактуецца Лукашэнкам як незалежнасьць ад міжнародных нормаў і стандартаў паводзін. Прычым, каб апраўдаць нежаданьне прытрымлівацца вызначаных правілаў, выстаўляецца аргумэнт, што гэтыя правілы несправядлівыя, навязаныя ўсяму сьвету Захадам, і перш за ўсё ЗША.
А як жа тады патлумачыць сяброўства Беларусі ва ўсіх інтэграцыйных абʼяднаньнях на постсавецкай прасторы? Найперш прычына ў тым, што Менск ня хоча псаваць адносіны з Расеяй, залежнасьць ад якой досыць вялікая. Па-другое, амаль усе інтэграцыйныя постсавецкія саюзы вельмі друзлыя, кшталту СНД. Абавязкі, якія бяруць на сябе іх чальцы, можна ігнараваць альбо беспакарана не выконваць. Што ў рэчаіснасьці і адбываецца.