Кіраўнік гарадзкой вайсковай адміністрацыі Крывога Рогу Аляксандар Вілкул паведаміў, як у пачатку ўварваньня Расеі вымушаны былі закладваць міны ў «БелАЗы» і ствараць зь іх загароду, каб спыніць расейскую вайсковую тэхніку і пазьбегнуць акупацыі.
«Менавіта ў гэты дзень два гады таму калёна ў 300 адзінак варожай тэхнікі пачала рухацца ў бок Крывога Рогу. 150 адсеклі нашы верталётчыкі на Баштанцы, 150 — дайшлі да Новага Бугу. А два БТРы варожай выведкі ўткнуліся ў выстаўленыя і замінаваныя „БелАЗы“ на мікалаеўскім кірунку», — паведаміў Аляксандар Вілкул.
Кіраўнік Крывога Рогу паведаміў, што «БелАзы» перадаў Новакрывароскі горна-ўзбагачальны камбінат, які ўваходзіць у склад групы «ArcelorMittal Кривий Ріг».
За два гады да пачатку Расеяй поўнамаштабнай вайны супраць Украіны кампанія «ArcelorMittal Кривий Ріг» набыла пяць 136-тонных кар’ерных самазвалаў БелАЗ.
З 2015 году кампанія «ArcelorMittal Кривий Ріг» набыла для сваіх прадпрыемстваў 26 кар’ерных самазвалаў, а таксама іншай тэхнікі вытворчасьці Беларускага аўтамабільнага заводу.
Украіна спыніла гандаль зь Беларусьсю пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну і дазволіў з 24 лютага 2022 году скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцей між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.