Пра гэта сьведчаць зьвесткі маніторынгу Дзяржаўнага памежнага камітэту.
На раніцу 1 сакавіка ў двух працоўных пунктах пропуску на мяжы зь Літвой выезду зь Беларусі чакалі па 100 легкавых аўтамабіляў і 1170 грузавікоў.
На мяжы з Латвіяй на адзіным адкрытым памежным пераходзе раніцай пятніцы прастойвала 300 фур, чарга з легкавушак не фіксавалася.
На польскім кірунку ў пункце пропуску «Казловічы» стаіць 70 велікагрузаў. Легкавікі праяжджаюць у Польшчу праз пункт пропуску «Берасьце» – тут выезду зь Беларусі чакае 120 аўтамабіляў.
21 лютага ўрад Літвы прыняў рашэньне аб закрыцьці з 1 сакавіка пагранічных пераходаў «Лаварышкі» і «Райгорад» для вырашэньня праблем нацыянальнай бясьпекі, барацьбы з кантрабандай і парушэньнем міжнародных санкцый.
Такім чынам, на мяжы зь Беларусьсю працягнуць працаваць два пункты пропуску з шасьці — «Меднікі» («Каменны Лог») і «Салечнікі» («Беняконі»). КПП «Шумск» («Лоша») і «Цьверач» («Відзы») былі зачыненыя 18 жніўня 2023 году.