Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 29 лютага: 10 дзён арышту за кветкі і партрэт Навальнага ля расейскага кансуляту ў Горадні


Сілавікі ў Менску, 2020 год
Сілавікі ў Менску, 2020 год

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Работніка БМЗ, якога абяцалі адпусьціць, асудзілі на год калёніі за «распальваньне варожасьці»

28 лютага Гомельскі абласны суд асудзіў экс-супрацоўніка Беларускага мэталюргічнага заводу ў Жлобіне Дзьмітрыя Шчарбіну на адзін год калёніі паводле артыкулу аб «распальваньні варожасьці» (ч. 1 арт. 130 КК), паведамляе гомельская «Вясна».

Шчарбіну затрымалі ў кастрычніку 2023 году. Яго абвінавачвалі ў абразьлівых камэнтарах у сацыяльных сетках.

«Пасьля адкрытай гутаркі з супрацоўнікамі праваахоўных органаў і дакладнай ацэнкі сваіх дзеяньняў ён можа спакойна жыць і працаваць. Так што міліцыя выкарыстоўвае ня толькі сілавыя мэтады, але і шчырыя размовы. Палку ніхто не перагінае», — пісалі тады аўтары праўладнага каналу пра яго затрыманьне.

Як інфармуе праваабарончы праект Dissidentby, у Дзьмітрыя Шчарбіны трое дзяцей.

Затрыманьне ў Горадні

Як піша праваабарончы цэнтар «Вясна», сілавікі затрымалі дваіх жыхароў Горадні, сьцьвярджаецца, што яны нібыта ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту, пакідалі камэнтары і распаўсюджвалі «экстрэмісцкія матэрыялы».

Жыхарку Менску арыштавалі на 14 дзён за вывешаны ў вакне нацыянальны сьцяг

15 лютага суд Ленінскага раёну Менску арыштаваў жыхарку гораду на 14 дзён за вывешаны ў вакне бел-чырвона-белы сьцяг (частка 1 артыкулу 24.23 КаАП), піша «Люстэрка» з спасылкай на банк судовых рашэньняў.

Згодна з пастановай, 14 студзеня жанчына з вакна свайго дому публічна дэманстравала бел-чырвона-белы сьцяг, ня маючы на гэта дазволу ад гарвыканкаму.

У судзе жанчына віну прызнала і сказала, што сьцяг вывесіла ў сваім пакоі, а дазволу на гэта ад уладаў не атрымала.

У Горадні расейца арыштавалі на 10 дзён за кветкі і партрэт Навальнага

20 лютага суд Ленінскага раёну Горадні арыштаваў мужчыну на 10 дзён за тое, што той прыйшоў да расейскага кансуляту і паклаў кветкі і партрэт палітыка Аляксея Навальнага, піша Hrodna.Life з спасылкай на банк судовых рашэньняў.

Мужчыну прызналі вінаватым у несанкцыянаваным пікетаваньні (частка 1 артыкулу 24.23 КаАП). Згодна з пастановай суду, пасьля ўскладаньня кветак і партрэту ён іх сфатаграфаваў.

На судзе затрыманы прызнаў сваю віну. Вядома, што мужчына жыве ў Расеі. Палітык Аляксей Навальны памёр 16 лютага ў калёніі ва ўзросьце 47 гадоў.

Затрыманьне ў Берасьці

Яшчэ аднаго беларуса затрымалі пасьля вяртаньня з Польшчы. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў пратэстах у Берасьці ў 2020 годзе, супраць яго завялі крымінальную справу, паведаміла «Наша ніва».

Затрыманага завуць Ігар Сарокін. Яму 35 гадоў; паводле інфармацыі ў сацыяльных сетках, ён родам з Жабінкі. У яго ёсьць жонка і малое дзіця.

Затрыманьнем кіраваў ГУБАЗіК. Падобна, што крымінальную справу завялі адразу пасьля вяртаньня з-за мяжы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG