Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьезд дэпутатаў Прыднястроўя папрасіў Расею «абараніць» рэгіён ад эканамічнага ціску Малдовы


Расейскі вайсковец каля штабу апэратыўнай групоўкі расейскіх войскаў у Тыраспалі, Прыднястроўе. Архіўнае фота
Расейскі вайсковец каля штабу апэратыўнай групоўкі расейскіх войскаў у Тыраспалі, Прыднястроўе. Архіўнае фота

Прарасейскія ўлады Прыднястроўя абвінавацілі Малдову ў «генацыдзе праз эканамічную блякаду»

Зьезд народных дэпутатаў Прыднястроўя ўхваліў дэклярацыю, у якой абвінаваціў Малдову, што тая разьвязала супраць рэгіёну эканамічную вайну, «наўмысна ствараючы перадумовы для шматмільённага дэфіцыту бюджэту».

Паводле ініцыятывы ўдзельнікаў зьезду, гэты дакумэнт накіруюць у арганізацыі мясцовага самакіраваньня Расеі, Эўрапейскага Зьвязу, АБСЭ, СНД і ў Чырвоны Крыж.

«Зьвярнуцца ў Савет Фэдэрацыі і Дзяржаўную Думу Расеі з просьбай аб рэалізацыі захадаў па абароне Прыднястроўя ва ўмовах узмацненьня ціску Малдовы. У Прыднястроўі жывуць больш за 220 тысяч грамадзян Расеі. Расея ўдзельнічае ў міратворчай місіі на Днястры і зьяўляецца гарантам і пасярэднікам у перамоўным працэсе», — адзначаецца ў рашэньні зьезду.

Зьезд дэпутатаў усіх узроўняў склікаў кіраўнік рэгіёну Вадзім Краснасельскі. Мясцовая апазыцыя сьцьвярджала, што на гэтым сходзе прагучыць зварот да расейскіх уладаў з прапановай далучыцца да Расеі.

Наўпрост такога закліку не прагучала, хоць Краснасельскі выказаў шэраг абвінавачаньняў на адрас уладаў Малдовы, у тым ліку ў генацыдзе жыхароў Прыднястроўя, дыскрымінацыі іх пры перасячэньні мяжы, блякаваньні перамоваў і невыкананьні ранейшых дамоўленасьцяў. Гэта, як адзначаецца ў дэклярацыі, «супярэчыць эўрапейскім прынцыпам і падыходам у галіне абароны правоў чалавека і свабоднага гандлю».

У сярэдзіне лютага экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) заявілі, што Крэмль праводзіць супраць Малдовы інфармацыйныя апэрацыі, вельмі падобныя да тых, што папярэднічалі расейскаму ваеннаму ўварваньню ва Ўкраіну.

«Тэрміны магчымай гібрыднай апэрацыі Расеі ў Малдове не зразумелыя, але Крэмль стварае інфармацыйныя ўмовы, каб неўзабаве яе ажыцьцявіць», — адзначаецца ў справаздачы ISW за 14 лютага.

Сярод такіх папярэдніх умоў экспэрты назвалі шэраг заяў міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова пра тое, што ўрад Малдовы кантралюецца Злучанымі Штатамі і што пад уплывам Амэрыкі і Эўразьвязу быў спынены перамоўны працэс у фармаце «5+2» пры ўдзеле Расеі, які неабходна аднавіць, каб 200 тысяч грамадзян Расеі, якія жывуць у Прыднястроўі, ня сталі «ахвярамі чарговай заходняй авантуры».

Сяргей Лаўроў таксама заявіў, што ўрад Малдовы спыніў дзяржаўныя субсыдыі такім рэгіёнам, як Гагаузія, якія выступаюць супраць эўрапейскай інтэграцыі краіны. Гэтую сытуацыю ён параўнаў з тым, як Захад «адмовіўся» даць час Віктару Януковічу на перагляд пагадненьня аб асацыяцыі Ўкраіны з Эўразьвязам.

Сёлета ў студзені прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду заявіла, што Расея не адмовілася ад сваіх плянаў дэстабілізаваць сытуацыю ў Малдове.

«Мы ведаем, што гэтай вясной Расея адновіць свае дзеяньні для дэстабілізацыі сытуацыі», — сказала Мая Санду, якую працытавала румынскае інфармацыйнае агенцтва Agerpress.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG