Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ўхваліла праект закону «Аб зьменах законаў у пытаньнях гарантаваньня нацыянальнай бясьпекі».
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, «законапраект накіраваны на комплекснае ўдасканаленьне правадачыненьняў у сфэры нацыянальнай бясьпекі для павышэньня эфэктыўнасьці рэагаваньня на выклікі і пагрозы».
У прыватнасьці, у законапраекце ўзмацняецца адказнасьць за адміністрацыйныя парушэньні парадку прыпіскі грамадзян да прызыўных участкаў і прызыву на службу, прадугледжваюцца дадатковыя гарантыі і кампэнсацыі ў сувязі з прызывам у войска або паступленьнем на вайсковую службу, дадатковыя гарантыі і кампэнсацыі ў сувязі з прызывам у войска, аптымізуецца парадак ацэнкі стану здароўя прызыўніка.
Праект таксама дазваляе паведамляць грамадзянам праз SMS-паведамленьні аб неабходнасьці зьявіцца ў вайсковы камісарыят або орган дзяржаўнай бясьпекі, а таксама вызначае прававыя асновы добраахвотнага ўдзелу грамадзян у выкананьні работ абароннага характару ў мірны час.
У законапраекце актуалізавалі пералік мерапрыемстваў у мабілізацыі і яе падрыхтоўцы, удакладнілі пералік катэгорый грамадзян, якія маюць права на адтэрміноўку ад прызыву і мабілізацыі.
Апроч таго, вайсковыя камісары атрымаюць права абмяжоўваць выезд за межы Беларусі для грамадзян, якія ўхіляюцца ад прызыву і мабілізацыі.
Законапраект таксама расшырыў пералік суб’ектаў, якія абавязаныя інфармаваць органы ўнутраных спраў аб наданьні памяшканьняў для пражываньня іншаземцаў і асобаў без грамадзянства. За невыкананьне гэтых патрабаваньняў будзе прадугледжана адміністрацыйная адказнасьць.