Дата дня
28 лютага 1916 году ў Вільні выйшаў першы нумар беларускай грамадзка-палітычнай і літаратурнай газэты «Гоман». Яна выходзіла двойчы на тыдзень зь лютага 1916 да канца 1918 году, спачатаку кірыліцай, а пасьля — і лацінкай. Рэдактарамі газэты былі Вацлаў Ластоўскі, беларускі навуковец, выдавец, пісьменьнік, публіцыст і палітычны дзяяч, прэм’ер-міністар БНР (да сярэдзіны 1917-га) і беларускі журналіст і нацыянальны дзеяч Язэп Салавей (пасьля сярэдзіны 1917 году).
Газэта, сярод іншага, надрукавала шэраг артыкулаў, нарысаў, іншых матэрыялаў па гісторыі Беларусі і нацыянальнай культуры, упершыню апублікавала некаторыя творы Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Зьмітрака Бядулі, Алеся Гаруна, Цішкі Гартнага, Алеся Гурло, а таксама дасьледаваньні Мікалая Нікіфароўскага, літаратурна-крытычныя нарысы Антона Луцкевіча (пад псэўд. А. Навіна) і інш.
Таксама ў гэты дзень
1768 — на Падольлі была створаная Барская канфэдэрацыя, вайскова-палітычнае аб’яднаньне шляхты, магнатаў і дзеячоў царквы Рэчы Паспалітай дзеля змаганьня за ўнутраную і замежную незалежнасьць краіны, супраць уплыву Расеі на каралеўскі ўрад, а таксама дзеля захаваньня шляхецкіх вольнасьцяў.
1854 — заснаваная Рэспубліканская партыя ЗША.
1922 — Вялікая Брытанія прызнала незалежнасьць Эгіпту.
2013 — папа Бэнэдыкт XVI пакінуў пасад.
У гэты дзень нарадзіліся
1533 — Мішэль Мантэнь, францускі пісьменьнік і філёзаф.
1901 — Лайнус Карл Полінг, амэрыканскі хімік, ляўрэат дзьвюх Нобэлеўскіх прэміяў — прэміі ў хіміі і прэміі міру.
1913 — Аляксей Шудзейка, дзеяч беларускай эміграцыі ў Нямеччыне і ЗША.
1947 году — Галіна Сямдзянава, палітык, сябра фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Беларусі ХІІ скліканьня, удзельніца нацыянальна-дэмакратычнага руху 1990-х — пачатку ХХІ ст.
1949 — Ібрагім Канапацкі, гісторык, грамадзкі дзеяч, адзін зь лідэраў татарскай грамады Беларусі.
У памяці
1616 — Мікалай Крыштаф Радзівіл «Сіротка», дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, вандроўнік.
1942 — Канстанцін Пушкарэвіч, беларускі і расейскі славіст, літаратуразнаўца, пэдагог.
1942 — Канстанцін Кернажыцкі, беларускі гісторык.
1985 — Вадзім Жучкевіч, беларускі географ.
1986 — Уляф Пальмэ, прэм’ер-міністар Швэцыі (забіты).