Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі заявілі, што да міжнароднага руху русафілаў далучыліся прадстаўнікі 130 краін. Летась было 77, у тым ліку Беларусь


Уладзімір Пуцін і кіраўнік Кангрэсу міжнароднага руху русафілаў Мікалай Малінаў. Архіўнае фота
Уладзімір Пуцін і кіраўнік Кангрэсу міжнароднага руху русафілаў Мікалай Малінаў. Архіўнае фота

Уладзімір Пуцін накіраваў удзельнікам кангрэсу прывітаньне, тэкст якога зачытаў міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў.

У Маскве праходзіць другі Кангрэс міжнароднага руху русафілаў, у якім удзельнічаюць 350 прадстаўнікоў 130 краін.

Міжнародны рух русафілаў ачольвае баўгарскі палітык Мікалай Малінаў, якога на радзіме афіцыйна абвінавачваюць у шпіянажы на карысьць Расеі.

«Мы хочам адкрыць сваё прадстаўніцтва ў адной дружалюбнай і адной недружалюбнай краіне», — сказаў Мікалай Малінаў, прапануючы ўдзельнікам ухваліць статут руху. У той жа час ён не назваў гэтых краін.

Пры гэтым, паводле яго, рух будзе дзейнічаць без рэгістрацыі, каб пазьбегнуць дадатковых санкцый супраць сяброў руху і супраць Расеі.

Уладзімір Пуцін накіраваў удзельнікам кангрэсу вітаньне, тэкст якога зачытаў міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў.

«Русафільскі рух уносіць важкі ўнёсак у супрацьдзеяньне спробам калектыўнага Захаду дабіцца міжнароднай ізаляцыі Расеі, дапамагае распаўсюду за межамі аб’ектыўнай і праўдзівай інфармацыі пра нашу краіну, выкрыцьцю антырасейскіх выдумак і прапагандысцкіх мітаў», — адзначыў у сваім вітаньні Ўладзімір Пуцін.

Паводле арганізатараў, у кангрэсе бяруць удзел прадстаўнікі краін Азіі, Эўропы, Афрыкі, Лацінскай і Паўночнай Амэрыкі.

Сярод удзельнікаў — Ян Чарнагурскі, які ў 1991-1992 гадах ачольваў урад Славаччыны, якая на той момант была часткай Чэхаславаччыны. У сваім выступе ён, што «без Расеі перамога над Гітлерам не была б рашучай».

Паводле яго, «Расея дапамагла многім малым краінам Эўропы і сьвету» і цягам дзесяцігодзьдзяў дапамагала «Эўропе разьвіваць эканоміку, бо пастаўляла больш танны, чым амэрыканскі, прыродны газ».

«Аднапалярны геапалітычны лад не дазваляе малым дзяржавам абараняць свае правы ад „свайго“ гегемона. Калі б расейская вайсковая група не прыйшла ў Нігер, папярэдні прэзыдэнт вярнуўся б да ўлады, а Нігер працягваў бы атрымліваць толькі 5% ад кошту ўрану, здабытага на яго тэрыторыі», — сказаў Ян Чарнагурскі.

Паводле яго, русафільства «уключае разуменьне таго, што замена аднапалярнага сьвету на шматпалярны, у якім Расея будзе адным полюсам, дазволіць нават малым народам абараніць свае правы».

У кангрэсе ўдзельнічае радыкальны філёзаф Аляксандар Дугін, які актыўна выступае ў падтрымку вайны ва Ўкраіне, а таксама заснавальнік тэлеканала «Царьград» бізнэсовец Канстанцін Малафееў.

Устаноўчы сход Міжнароднага руху русафілаў, створанага пад эгідай Крамля, прайшоў у сакавіку 2023 году. У ім удзельнічаў дэлегат зь Беларусі Аляксей Дзермант, які раней гаварыў пра распад Расеі і шкоду славянафільства. Дзермант называе сябе філёзафам і працуе ў Акадэміі навук Беларусі. Часта выступае ў дзяржаўных СМІ, дзе хваліць рэжым Лукашэнкі і крытыкуе дэмакратычны рух Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG