Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля «Тэслы ад Маска» Лукашэнка заявіў, што BMW падарыў яму аўтамабіль. У BMW адказалі


Ілюстрацыйнае фота. Электрамабіль BMW
Ілюстрацыйнае фота. Электрамабіль BMW

19 студзеня падчас наведваньня заводу «БелДжы» Аляксандар Лукашэнка заявіў, што нямецкі вытворца аўтамабіляў BMW шмат гадоў таму нібыта падарыў яму аўтамабіль. Журналісты Беларускага расьсьледніцкага цэнтру зьвярнуліся ў нямецкі аўтаканцэрн, каб высьветліць, ці так гэта.

«Увесь сьвет сёньня заточаны на вытворчасьць... гібрыдных аўтамабіляў. Гэта значыць дызэльнае паліва, бэнзін той жа, рухавік, падзарадка — электрамабіль. І чыстыя электрамабілі. Увесь сьвет сёньня, усе кампаніі, усе, і BMW, неяк яны мне падарылі першы маленькі-маленькі аўтамабіль шмат гадоў таму. Гэта значыць, яны ўжо тады пачалі рабіць электрамабілі. Гэта значыць, сьвет нам дэманструе, куды рухацца», — сказаў Лукашэнка работнікам прадпрыемства.

Беларускі расьсьледніцкі цэнтар зьвярнуўся ў BMW з просьбай пракамэнтаваць гэтую заяву.

«Мы ўважліва выслухалі гэтую прамову спадара Лукашэнкі. Для BMW AG і яго гандлёвых партнэраў, як сусьветнага вытворцы аўтамабіляў, выкананьне законаў і правілаў зьяўляецца абавязковым.

Пасьля праверкі фактаў нашым афіцыйным імпартэрам BMW у Беларусі мы ня можам пацьвердзіць заяву спадара Лукашэнкі аб тым, што ён „у мінулым атрымаў аўтамабіль у падарунак ад BMW“», — адказалі ў аўтаканцэрне.

У 2019 годзе Аляксандар Лукашэнка ўжо хваліўся, што атрымаў у падарунак аўтамабіль Tesla ад мільярдэра Ілана Маска. «У мяне ёсьць электрычная машына Tesla, я часам яе тэстую. Маск падарыў».

Заснавальнік кампаніі Tesla Ілан Маск гэтыя словы Лукашэнкі абверг, а ягонае ляканічнае «Uh no», напісанае ў Твітэры з гэтай нагоды, нават стала мэмам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG