Вярхоўны суд Расеі прызнаў законнай адмову Цэнтральнай выбарчай камісіі ў рэгістрацыі Барыса Надзеждзіна кандыдатам у прэзідэнты Расеі. Пра гэта паведамляе ТАСС.
Рашэньне яшчэ можа быць абскарджана ў апэляцыйнай інстанцыі. Сам Надзеждзін ужо паабяцаў падаць скаргу на працягу пяці дзён.
ЦВК раней адмовіла Надзеждзіну ў рэгістрацыі, прызнаўшы несапраўднымі каля 15% сабраных у яго падтрымку подпісаў, правераных камісіяй, пры дапушчальных 5%.
Як адзначае выданьне «Можам растлумачыць», паседжаньне доўжылася амаль 10 гадзін. Выступілі 12 сьведак, подпісы якіх ЦВК прызнала несапраўднымі, яны заявілі, што сапраўды пакідалі подпісы за кандыдата. Суд, аднак, не прыслухаўся да іхных слоў.
Сам Надзеждзін на паседжаньне не прыйшоў. Раней ён паведаміў у сваім тэлеграм-канале, што паехаў зь сям’ёй на адпачынак за мяжу «ў адну з краін Азіі». Надзеждзін напісаў, што паездка была даўно заплянаваная.
Раней Вярхоўны суд адхіліў яшчэ два пазовы палітыка да ЦВК. Адзін зь іх датычыўся аспрэчваньня формы сьпісу зборшчыкаў подпісаў, іншы — аспрэчваньня формы ведамасьці.
Барыс Надзеждзін быў адзіным патэнцыйным кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Расеі, які займаў антываенную пазыцыю і выступаў супраць палітыкі цяперашняга прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна. Яго кампанія прыцягнула ўвагу пасьля таго, як каля яго штабоў пачалі выстройвацца вялікія чэргі ахвочых паставіць подпісы. У штабе Надзеждзіна сьцьвярджаюць, што сабралі больш за 200 тысяч, у ЦВК падалі, як прадугледжана законам, крыху больш за 100 тысяч подпісаў. 8 лютага ЦВК адмовіла Надзеждзіну ў рэгістрацыі, знайшоўшы ў яго подпісах больш за 15% бракаваных подпісаў пры дапушчальных 5%.
- Галасаваньне на выбарах прэзыдэнта Расеі адбудзецца з 15 да 17 сакавіка 2024 году.
- Выбары ў Расеі незалежныя назіральнікі і экспэрты ацэньваюць як несвабодныя і несумленныя.
- Улады ўмешваюцца ў выбарчы працэс, ствараюць перавагі праўладным кандыдатам, а ў шэрагу выпадкаў вядзецца аб простай фальсыфікацыі.