Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удава Навальнага заклікала Эўразьвяз не прызнаваць вынікі выбараў у Расеі. Яе акаўнт у Х часова заблякавалі


Юлия Навальная
Юлия Навальная

Юлія Навальная выступіла са зваротам да Рады Эўразьвязу ў замежных справах, у якім заклікала не прызнаваць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі. 20 лютага сацсетка X «прыпыніла» дзеяньне яе акаўнта.

19 лютага Юлія Навальная выступіла са зваротам да Рады Эўразьвязу ў замежных справах. Тэкст звароту 20 лютага апублікавала каманда Навальнага.

У сваім звароце ўдава Аляксея Навальнага заклікала не прызнаваць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў, якія пройдуць у сакавіку гэтага году ў Расеі, а таксама ўвесьці санкцыі супраць «давераных асобаў» і «сяброў» Уладзіміра Пуціна — паводле яе, гэта «каля 500 чалавек — знакамітасьці, сьпевакі і акторы, якія агітуюць за Пуціна і пры гэтым маюць нерухомасьць у Эўропе». Яна таксама папрасіла «заўсёды рабіць адрозьненьне паміж Пуціным і Расеяй» і заклікала дапамагаць расейцам, якія ўцякаюць у Эўразьвяз ад «вайны і дыктатуры».

Раніцай 20 лютага карыстальнікі сацсеткі Х выявілі, што акаўнт Навальнай падпаў пад ценявы бан, а празь некалькі гадзін быў заблякаваны цалкам з прычыны «парушэньня правілаў сацсеткі». Пазьней яе акаўнт аднавілі.

Акаўнт Юліі Навальнай у Х быў створаны напярэдадні, за суткі на яе старонку падпісаліся больш за 90 тысяч чалавек.

Напярэдадні Юлія Навальная паабяцала прадоўжыць справу мужа.

Тым часам Людміла Навальная, маці Аляксея Навальнага, запісала відэазварот да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна з патрабаваньнем аддаць ёй цела забітага сына.

«Я зьвяртаюся да вас, Уладзімір Пуцін, вырашэньне пытаньня залежыць толькі ад вас. Дайце мне нарэшце ўбачыць майго сына. Я патрабую неадкладна выдаць цела Аляксея, каб я яго магла па-чалавечы пахаваць», — кажа Людміла Навальная ў звароце. Відэа было запісанае на фоне калёніі ВК-3 «Палярны воўк» у Харпе, дзе памёр Навальны.

  • Расейскія ўлады паведамілі пра раптоўную сьмерць Навальнага ў калёніі 16 лютага.
  • Тады ж паведамленьні пракамэнтавалі лідэры краінаў Захаду. Многія зь іх, акрамя выказваньня спачуваньняў, таксама ўсклалі адказнасьць за сьмерць апазыцыянэра на расейскія ўлады і асабіста прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, падкрэсьліўшы, што Навальны спачатку быў атручаны, меркавана на загад расейскіх уладаў, а потым, па вяртаньні ў Расею, кінуты за краты за сваю апазыцыйную дзейнасьць.
  • Краіны «групы сямі» заклікалі Маскву старанна расьсьледаваць і апублікаваць акалічнасьці гібелі палітыка.
  • З моманту, калі ўпраўленьне службы выкананьня пакараньняў Расеі па Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе паведаміла пра сьмерць Аляксея Навальнага, у Сьледчы камітэт Расеі накіравалі 46 464 запыты аб выдачы цела палітыка сваякам.
  • У морг Салехарда, дзе павінна знаходзіцца яго цела, не пускаюць маці і адвакатаў Аляксея Навальнага. Пра гэта паведаміла прэс-сакратарка палітыка Кіра Ярмыш.
  • Расьсьледаваньне абставінаў гібелі Навальнага падоўжылі; колькі яно працягнецца, невядома, пра гэта маці палітыка паведамілі ў Сьледчым камітэце Расеі.
  • «Прычына сьмерці пакуль „нявызначаная“. Хлусяць, марнуюць час і нават не хаваюць гэтага», — напісала прэс-сакратарка Навальнага Кіра Ярмыш.
  • Як адзначае «ОВД-Инфо», працэсуальная праверка Сьледчага камітэту па факце сьмерці Навальнага дазваляе адтэрмінаваць выдачу ягонага цела сваякам на 30 дзён. Калі завядуць крымінальную справу, труп могуць не аддаваць і даўжэй.
  • Раней «Медиазона» публікавала відэа з камэр відэаназіраньня, усталяваных на пераезьдзе паміж Лабытнанга і Салехардам. У ноч на 17 лютага камэры фіксавалі рух картэжа ФСІН па пераезьдзе. Па словах журналістаў, знойдзенае імі відэа сьведчыць, што цела Навальнага спэцыяльна хавалі ад сваякоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG