Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Завяршылася сьледзтва ў справе прыватнай школы «Смарт Скул», фігурантаў абвінавачваюць у махлярстве


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пра заканчэньне расьсьледаваньня заявіў афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту Аляксандар Сухадольскі.

Прэс-служба СК адзначае, што абвінавачанымі ў справе зьяўляюцца «заснавальнік школы і яе кіраўнік», ім інкрымінуюць ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэксу («Махлярства ў асабліва буйным памеры»).

Ведамства сьцьвярджае, што «абвінавачаныя завалодалі грашовымі сродкамі, пералічанымі за навучаньне дзяцей», «фактычна грошы не выкарыстоўваліся па мэтавым прызначэньні, а выводзіліся на рахункі падкантрольных суб’ектаў гаспадараньня».

«Цягам расьсьледаваньня <…> устаноўлена, што ў 2020–2023 гадах у „Смарт Скул“ нібыта прымалі на навучаньне ў Менскай вобласьці ня больш за 25 навучэнцаў 1–4 клясаў, — паведаміў Сухадольскі. — Аднак у 2021 навучальным годзе ў школе, бяз факту залічэньня <…>, хаваючы гэта ад Мінадукацыі, <…> навучалася больш за 600 непаўналетніх, якія па ўзросьце адпавядалі [вучням] 1–11 клясаў».

Паводле сілавікоў, вучням «аказваліся толькі кансультацыйныя і рэпэтытарскія паслугі» ў онлайн-фармаце з дапамогай праграмы Zoom. Такім чынам, робіць выснову СК, «значная колькасьць непаўналетніх абавязковую праграму на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі не засвойвала на працягу доўгага часу».

Акрамя гэтага, у «Смарт Скул» нібыта адсутнічалі «падручнікі і навучальныя дапаможнікі», выдаваліся ведамасьці чацьвяртных адзнак «без фактычнага засваеньня слухачамі адукацыйнай праграмы», а большасьць настаўнікаў «не былі прынятыя на пасаду ў адпаведнасьці са штатным раскладам», пры гэтым лічацца ў якасьці «пэдагогаў дадатковай адукацыі ў іншых падкантрольных суб’ектах гаспадараньня або былі зарэгістраваныя як індывідуальныя прадпрымальнікі».

Ведамства паведамляе, што «агульная шкода перавысіла мільён рублёў».

«Смарт Скул» — сетка прыватных школ у Беларусі, Расеі, Польшчы, Грузіі, Малдове і Нямеччыне. У Менску яна месьцілася на тэрыторыі парку забаў «Дрымлэнд». Міністэрства адукацыі зьвярнула ўвагу на школу пасьля інцыдэнту 15 верасьня 2022 году, калі адна з вучаніц атрымала цялесныя пашкоджаньні: у яе зь дзіцячага пісталета стрэліў аднаклясьнік. 20 верасьня таго году Лукашэнка заявіў, што кіраўніцтва школы «на дух не ўспрымае беларускую дзяржаву» і адзначыў неабходнасьць «зачысьціць усё да немагчымасьці ў сыстэме адукацыі».

Увечары таго ж дня на дырэктара «Смарт Скул» ужо завялі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 424 КК («Злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі»). СК сьцьвярджаў, што «54-гадовая кіраўніца юрыдычнай асобы і іншыя супрацоўнікі ўстановы ўсяляк спрабавалі ўтаіць інцыдэнт, не забясьпечылі бясьпеку правядзеньня заняткаў і кантроль за паводзінамі выхаванцаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG