У Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласьці на мяжы з Украінай увялі рэжым «контратэрарыстычнай апэрацыі», піша мясцовая газэта «Светлае жыццё».
«Насельніцтва раёну просім захоўваць спакой і падпарадкоўвацца патрабаваньням супрацоўнікаў сілавых структур», — гаворыцца ў паведамленьні, апублікаваным ад імя упраўленьня КДБ па Гомельскай вобласьці.
Згодна з законам «Аб барацьбе з тэрарызмам», у межах правядзеньня КТА сілавікі могуць бесьперашкодна ўваходзіць у жылыя памяшканьні «пры перасьледзе асоб, якія падазраюцца ва ўчыненьні акту тэрарызму або стварэньні незаконнага фармаваньня» і выкарыстоўваць асабістыя сродкі сувязі грамадзян.
Таксама закон дазваляе абмяжоўваць уезд і выезд з зоны КТА і дазваляе затрымліваць грамадзян у выпадку несанкцыянаванага пранікненьня туды. Паводле тэлеграм-канала @motolkohelp, у Лельчыцы прыбылі тры верталёты зь Менску.
Лельчыцкі раён знаходзіцца на мяжы з Украінай.
«Эўрарадыё» пазваніла ў Лельчыцкі райвыканкам. Там паведамілі, што рэжым «контратэрарыстычнай апэрацыі», абвешчаны 15 лютага, зьяўляецца чарговымі вучэньнямі беларускіх сілавікоў.
«У нас ужо ня першы раз вучэньні праходзяць. Яны правяраюць гатовасьць сваіх структурных падразьдзяленьняў».