Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнтка Вугоршчыны заявіла аб адстаўцы праз скандал з памілаваньнем асуджанага ў справе пэдафіліі


Каталін Новак
Каталін Новак

Прэзыдэнтка Вугоршчыны Каталін Новак заявіла ў суботу, што сыходзіць у адстаўку. Яе прычынай стаў гучны скандал у сувязі з памілаваньнем асуджанага па справе аб сэксуалізаваным гвалце ў адносінах да дзяцей.

Разам з прэзыдэнткай у адстаўку пайшла і міністарка юстыцыі, якая рэкамэндавала Новак падпісаць дакумэнты аб памілаваньні. У тэлезвароце прэзыдэнтка Вугоршчыны прызнала, што «дапусьціла памылку».

Вугоршчына — парлямэнцкая рэспубліка, прэзыдэнт мае па сутнасьці толькі прадстаўнічыя функцыі. Як адзначаюць камэнтатары, аднак, скандал можа ўдарыць па кіруючай партыі прэм’ер-міністра Віктара Орбана, паколькі Новак да абраньня прэзыдэнткай была адным з лідэраў «Фідэс» і актыўна выступала, у тым ліку, у абарону так званых традыцыйных каштоўнасьцяў.

Раней стала вядома, што ў красавіку мінулага года прэзыдэнтка Вугоршчыны ў ліку 22 чалавек, памілаваных у сувязі з візытам у краіну папы Рымскага Францішка, памілавала таксама былога намесьніка дырэктара дзіцячага дома ў горадзе Бічка. Дырэктар дзіцячага дома быў асуджаны за пэдафілію, а яго намесьнік, як высьветліла сьледзтва, ведаў аб гвалце ў адносінах да дзяцей і дапамагаў свайму начальніку хаваць факты. Намесьніка асудзілі на 3 гады і 4 месяцы турмы, да канца ягонага тэрміну ў момант памілаваньня заставалася дзевяць месяцаў.

Як паведамляе Вугорская служба Радыё Свабода, аб памілаваньні стала вядома амаль праз год і па сутнасьці выпадкова — адзін з чытачоў сайта 444.hu выявіў прынятае восеньню рашэньне апэляцыйнага суда, які, разглядаючы пададзеную яшчэ да памілаваньня апэляцыю на прысуд, указаў, што асуджаны раней быў памілаваны прэзыдэнтам. Публікацыя выклікала палітычны скандал. Усе апазыцыйныя партыі запатрабавалі адстаўкі Каталін Новак на пазачарговай сэсіі парлямэнта ў панядзелак. У пятніцу ў Будапэшце прайшла масавая дэманстрацыя ў падтрымку гэтых патрабаваньняў.

Прэзыдэнта ў Вугоршчыне выбірае парлямэнт, дзе большасьць у прыхільнікаў Орбана.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG