Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другі выпадак за апошнія дні: беларуса затрымалі на мяжы за пачак гарбаты, набыты ў літоўскай краме


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. У пункце пропуску «Катлоўка»
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. У пункце пропуску «Катлоўка»

8 лютага ў пункце пропуску «Катлоўка» затрымалі грамадзяніна Беларусі, які ехаў на аўтамабілі зь Літвы. Падчас агляду багажніка службовы сабака ззрэагаваў на пачак травяной гарбаты.

«Грамадзянін Беларусі растлумачыў, што набыў травяную гарбату на тэрыторыі Літвы. Рэчыва канфіскавана для правядзеньня экспэртызы, праводзіцца далейшае разьбіральніцтва», — паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт і публікуе відэа затрыманьня.

«Я ж у прадуктовай краме купіў», — камэнтуе беларус і са сьмехам адзначае, што яму «казалі, што будуць пытаньні».

Памежны камітэт нагадвае, што «за незаконнае перамяшчэньне празь мяжу наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналягаў» прадугледжаная крымінальная адказнасьць — да 4 гадоў абмежаваньня ці ад 3 да 7 гадоў пазбаўленьня волі.

Гэта ўжо другі выпадак затрыманьня за гарбату зь Літвы за апошнія два дні. 9 лютага Дзяржаўны камітэт судовых экспэртыз паведаміў пра падобны інцыдэнт у пункце пропуску «Каменны лог». Там спынілі грамадзяніна Літвы, які вёз у Беларусь гарбату з марыхуанай у завадзкой упакоўцы.

У шэрагу эўрапейскіх краін афіцыйна дазволены продаж гарбаты, шакаляду, алькаголю і іншых прадуктаў з канабісам, але іх увоз на тэрыторыю ЭАЭС забаронены, таму пры набыцьці падобных сувэніраў за мяжой варта зьвяртаць увагу на склад прадукту і малюнак на ўпакоўцы, нагадваюць у Дзяржаўным камітэце судовых экспэртызаў.

  • У Беларусі вельмі жорсткае антынаркатычнае заканадаўства. Артыкул 328 Крымінальнага кодэксу прадугледжвае пакараньне за незаконнае абарачэньне наркатычных сродкаў у выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад 5 да 25 гадоў.
  • Паводле праваабаронцаў і экспэртаў, беларускае заканадаўства мае рэпрэсіўны характар, паколькі не падзяляе рэальных злачынцаў у сфэры незаконнага абарачэньня наркотыкаў і дробных парушальнікаў і тых, хто спажывае наркотыкі. Менавіта гэта стварае грунт для шматлікіх парушэньняў правоў чалавека.
  • Паводле праваабаронцаў, затрыманых паводле артыкулу 328 нярэдка катуюць і б’юць апэратыўныя работнікі, каб атрымаць прызнальныя паказаньні, паролі ад тэлефонаў ці любой іншай інфармацыі для афармленьня складу злачынства. У некаторых выпадках такое стаўленьне сілавых органаў прывяло да суіцыду асуджаных.
  • Праваабаронцы і экспэрты кажуць, што ў калёніях для асуджаных паводле 328-га артыкулу ствараюць «асаблівыя» умовы — іх утрымліваюць у асобных атрадах і нашываюць зялёныя біркі. На іх часьцей афармляюць парушэньні рэжыму і пазбаўляюць спатканьняў і званкоў, залучаюць да неаплатнай працы ў шкодных для здароўя ўмовах, у выніку чаго разьвіваюцца хранічныя захворваньні і іншыя ўскладненьні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG