Пра ўмовы ўтрыманьня ў калёніі Анджэя Пачобута стала вядома з допісу ў Facebook жонкі палітзьняволенага журналіста Аксаны Пачобут.
«Сёньня роўна год, як агучылі прысуд на 8 гадоў зьняволеньня для Анджэя. З тае пары, як ён паехаў адбываць пакараньне ў наваполацкую калёнію, у яго не было ніводнага спатканьня, ніводнага званка, ніводнай перадачы, нават з рэчамі. Пазбаўляюць абсалютна ўсяго».
Паводле зьвестак праваабаронцаў, практычна ўвесь час зьняволеньня ў папраўчай калёніі № 1 у Наваполацку Анджэя Пачобута трымалі ў памяшканьні камэрнага тыпу (ПКТ).
МЗС Польшчы назваў вызваленьне Пачобута сваім прыярытэтам
У гадавіну прысуду Пачобуту Міністэрства замежных спраў Польшчы апублікавала заяву, у якой выказала «рашучыя пярэчаньні супраць выкарыстаньня палякаў у Беларусі ў якасьці закладнікаў менскіх уладаў», чарговы раз заклікала рэжым Лукашэнкі «паважаць міжнароднае права і двухбаковыя пагадненьні ў частцы абароны правоў нацыянальных меншасьцяў» і назвала вызваленьне Анджэя Пачобута «прыярытэтам» сваёй дзейнасьці.
«Пачобут стаў сымбалем беспрэцэдэнтных рэпрэсій, а таксама барацьбы за права культываваць традыцыі продкаў, вывучаць польскую мову, абараняць памятныя месцы і берагчы агульную справу, гістарычную спадчыну Польшчы і Беларусі», — гаворыцца ў заяве.
- Анджэя Пачобута затрымалі ў сакавіку 2021 году ў Горадні.
- За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га яго абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце».
- У 2023-м вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў наваполацкую калёнію № 1.