Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне арыштавалі вайскоўца, датычнага да выкраданьня і забойства ў Латвіі грамадзянкі Беларусі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Для расьсьледаваньня гэтага злачынства, у выніку якога грамадзянку Беларусі забілі, Украіна і Латвія ў лістападзе 2022 году стварылі супольную сьледчую групу.

Ва Ўкраіне арыштавалі дзейнага вайскоўца, які ў Латвіі ўдзельнічаў у выкраданьні грамадзянкі Беларусі, каб прымусіць яе перапісаць сваю маёмасьць і бізнэс на двух грамадзян Расеі.

Інцыдэнт адбыўся 3 кастрычніка 2019 году. У рашэньні ўкраінскага суду імя грамадзянкі Беларусі не ўдакладняецца, але раней латвійскія СМІ пісалі аб забойстве прадпрымальніцы беларускага паходжаньня Ірыны Мінвалеевай, якая стала пражывала ў Латвіі і валодала кампаніяй Resort Investments.

Бацька і сын, расейскія грамадзяне, нанялі для арганізацыі выкананьня гэтага злачынства трох украінцаў — адзін зь іх затрыманы вайсковец, а другі — удзельнік добраахвотніцкага батальёну «Тарнада», які загінуў у сьнежні 2022 году на бахмуцкім кірунку. Пра трэцюю асобу пакуль не паведамляюць.

Расейцы хацелі прымусіць Ірыну Мінвалееву перапісаць на іх маёмасьць кампаніі Resort Investments, якой належала 30 кватэр, 56 паркамесцаў і два нежылыя памяшканьні ў жылым комплексе Sun Republic, агульнай вартасьцю 3 708 000 эўра.

Беларуску выкралі і прымушалі перапісаць маёмасьць на падкантрольны расейцам фонд Latvijas atjaunosanas biedrоba, які нібыта займаўся дапамогай і рэабілітацыяй вэтэранаў антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны. Уласьнікі фонду прапанавалі ўкраінцам правесьці пэўную «працу», зьвязаную нібыта з барацьбой з прадстаўнікамі ФСБ Расеі, у ліку якіх яны назвалі беларуску Ірыну Мінвалееву, і тыя пагадзіліся.

Украінцы выкралі беларуску пад выглядам намеру купіць кватэру ў жылым комплексе, потым перавезьлі ў іншае месца і кінулі ў памяшканьне, дзе знаходзіўся басэйн. Ёй прапанавалі падпісаць мэмарандум і дамову дарэньня на карысьць фонду Latvijas atjaunosanas biedrоba, а калі тая адмовілася, зьвязалі рукі і ногі і прывязалі ахвяру да поручняў басэйну. Праз год пасьля яе забойства яны аформілі на адпаведным украінскім блянку даверанасьць на распараджэньне маёмасьцю забітай. Гэтую даверанасць выпісалі на грамадзян Расеі, ужо згаданых бацькі і сына.

Паводле латвійскіх СМІ, цяпер у Латвіі адбываецца судовы працэс над грамадзянамі Расеі Сяргеем і Міхаілам Аляксеевымі, якія атрымалі ў Латвіі статус уцекачоў, а цяпер абвінавачваюцца ў захопе закладніцы. У іх пасьля забойства Ірыны Мінвалеевай знайшлі яе дакумэнты: пасьведчаньне на кіраваньне аўтамабілем і пашпарт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG