Жанчыне выставілі абвінавачваньне ў «шпіянажы», верагодна, на карысьць Украіне. Ёй пагражае да 15 гадоў турмы, даведалася «Наша ніва».
15 лютага ў Гомельскім абласным судзе пачнецца працэс над Захаранкай. У гэты дзень у Натальлі Захаранкі дзень народзінаў. Хутчэй за ўсё, Натальлю ўтрымліваюць у гомельскім СІЗА №3 — іншых ізалятараў у Гомлі няма.
Разам з Натальляй будуць судзіць яе знаёмую Ларысу Крупу за «неданясеньне пра злачынства». Ёй пагражае да 2 гадоў турмы — але яна не ў СІЗА.
Хто такая Натальля Захаранка
Сувязь з жыхаркай Чарнігава Натальляй Захаранкай зьнікла 17 ліпеня. Тады яна паехала да сястры ў Мазыр.
Да 2021 году Натальля Захаранка рэгулярна езьдзіла ў Беларусь. Там яна гандлявала на гомельскім рынку. Прадавала прыправы, туалетную паперу, гарчыцу і іншыя ўкраінскія харчовыя і прамысловыя тавары.
«На нашым рынку „Цэнтральным“ яе ўсе ведалі, але гады два яна ўжо не зьяўлялася. Зразумела, чаму. Ідзе вайна, мяжа на замку, нявыгадна вазіць праз Польшчу тыя ж спэцыі і розную драбязу. З Гомля яна везла ў Чарнігаў беларускія прадукты — аўсянку, згушчанае малако і іншае», — гаварыла пра яе Свабодзе на ўмовах ананімнасьці іншая гандлярка з гомельскага рынку.
Вядома таксама, што Натальля Захаранка езьдзіла ў Мазыр да сястры. Таксама яна брала па дарозе перадачы, дакумэнты, дапамагала перасякаць мяжу іншым людзям — з Украіны праз Польшчу ў Беларусь і назад. У тэматычных чатах перавозак яна пакінула шмат абвестак. Людзі актыўна карысталіся яе паслугамі.
Ужо тады суразмоўцы Свабоды дапускалі, што жанчыну маглі затрымаць сілавікі, якіх зацікавілі яе частыя паездкі з Чарнігава ў Мазыр. У Мазырскім ІЧУ і Гомельскім СІЗА на пытаньні Свабоды аб магчымым арышце ўкраінкі адказваць адмовіліся.