Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На завочным судзе ў «справе ByPol» пракурор патрабуе для абвінавачаных да 25 гадоў зьняволеньня


У верхнім шэрагу, зьлева направа: Аляксандар Азараў, Андрэй Астаповіч, Уладзімер Жыгар. У ніжнім шэрагу, зьлева направа: Алег Талерчык, Ігар Лобан, Мацьвей Купрэйчык. Каляж
У верхнім шэрагу, зьлева направа: Аляксандар Азараў, Андрэй Астаповіч, Уладзімер Жыгар. У ніжнім шэрагу, зьлева направа: Алег Талерчык, Ігар Лобан, Мацьвей Купрэйчык. Каляж

Пасяджэньне праходзіць у Менскім гарадзкім судзе.

У Менскім гарадзкім судзе працягваецца завочны разгляд крымінальнай справы, заведзенай супраць актывістаў ByPol, арганізацыі былых сілавікоў, якія перайшлі ў апазыцыю да Лукашэнкі, а таксама «Сытуацыйна-аналітычнага цэнтру» і «Мабілізацыйнага пляну „Перамога“».

Як паведамляе БелТА, пракурор запрасіў для абвінавачаных наступныя тэрміны пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.:

  • Аляксандру Азараву — 25 гадоў са штрафам у памеры 10 тысяч базавых велічынь (400 тысяч рублёў);
  • Мацьвею Купрэйчыку — 12 гадоў са штрафам 220 тысяч рублёў;
  • Уладзіміру Жыгару — 12 гадоў са штрафам 200 тысяч рублёў;
  • Ігару Лобану — 12 гадоў са штрафам 200 тысяч рублёў;
  • Алегу Талерчыку — 12 гадоў са штрафам 40 тысяч рублёў;
  • Андрэю Астаповічу — 11 гадоў са штрафам 200 тысяч рублёў.

Усе абвінавачаныя знаходзяцца за мяжой.

Завочны суд у гэтай справе ідзе з 22 студзеня. Былым сілавікам, якія выступілі супраць уладаў, інкрымінуюцца розныя артыкулы КК, у тым ліку за здраду дзяржаве, арганізацыю акту тэрарызму, дзеяньні з мэтай захопу ўлады, стварэньне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваньнем.

Усяго ў справе больш за 60 тамоў, у ёй праходзіць больш за 10 пацярпелых. Працэс вядзе судзьдзя Дзіна Кучук.

Спэцвядзеньне ў справе распачалі 8 верасьня 2023 году.

Раскол у ByPol

У чэрвені 2023 году ByPol раскалоўся, удзельнікі ўнутранага канфлікту паспрачаліся паміж сабой, у выніку спатрэбілася ўрэгуляваньне пры дапамозе АПК. Пасьля перамоваў бакоў з удзелам Сьвятланы Ціханоўскай ініцыятыва падзялілася на фонд ByPol і аб’яднаньне BelPol.

Прадстаўнікі апошняга сьцвярджалі, што АСБ BELPOL стала праваўладальнікам «тэхнічных і інтэлектуальных магчымасьцяў і інструмэнтаў» першапачатковай арганізацыі, а фонд, які ўзначальвае Аляксандар Азараў, захаваў толькі юрыдычную назву ByPol і плян «Перамога».

Аднак Азараў называе передачу любых правоў аб’яднаньню BelPol хлусьнёй і адмаўляе яе. «Звальненьне людзей ня можа прывесьці да перадачы праў», — пракаментаваў ён.

Што такое спэцвядзеньне

Спэцыяльнае вядзеньне ў крымінальнай справе можа адбывацца ў дачыненьні абвінавачанага, які знаходзіцца за межамі Беларусі і ўхіляецца ад прыходу ў орган, які вядзе крымінальны працэс. Такое вядзеньне магчыма весьці за 34 розныя злачынствы, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, наёмніцтва, здрада дзяржаве, дывэрсія, стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый.

Працэс «спэцыяльнага вядзеньня»" спэцыяльна ўвялі да тых палітычных апанэнтаў рэжыму, хто знаходзіцца за мяжой. Ён прадугледжвае завочны суд. Менавіта гэткім чынам, сярод іншых, асудзілі палітыкаў Сьвятлану Ціханоўскую (15 гадоў калёніі агульнага рэжыму) і Паўла Латушку (18 гадоў узмоцненага рэжыму), а таксама блогераў Сьцяпана Пуцілу (29 гадоў узмоцненага рэжыму) і Яна Рудзіка (19 гадоў узмоцненага рэжыму).

Сярод асуджаных завочна таксама алімпійская мэдалістка Аляксандра Герасіменя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG