Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Будуй сваё»: беларусам Польшчы і Літвы зноў прапануюць пералічыць частку падаткаў на беларускія праекты. Можна далучыцца і зь іншых краін


Ілюстрацыйная выява. Віртуальная плятформа «Новая Беларусь»
Ілюстрацыйная выява. Віртуальная плятформа «Новая Беларусь»

6 лютага стартаваў новы сэзон праекту лічбавага самакіраваньня «Новай Беларусі», у рамках якога беларусам Польшчы і Літвы летась прапаноўвалі перавесьці частку падаткаў на ініцыятывы суайчыньнікаў. Сёлета да праекту змогуць далучыцца і беларусы зь іншых краін.

«Праект лічбавага самакіраваньня — пляцоўка, дзе беларусы і беларускі могуць аб’яднаць свае рэсурсы і скіраваць іх на вырашэньне агульных праблем, лякальных і маштабных — ці то беларускамоўны дзіцячы гурток, ці онлайн-праект для атрыманьня новых прафэсій», — тлумачаць у ініцыятыве.

У новым сэзоне праект запусьцілі з адпаведнай яго каштоўнасьцям назвай — «Будуй сваё». Далучыцца да яго можна двума спосабамі:

  • Для беларусаў Польшчы і Літвы: праз падатковую дэклярацыю: зафундаваць 1,5% (у Польшчы) ці 1,2% (у Літве) сваіх падаткаў на дабрачыннасьць у партнэрскія ўстановы «Новай Беларусі» пры запаўненьні дэклярацыі. Сёлета ў праекту тыя ж партнэры ў Польшчы (фундацыі Tutaka і FaniMani) і новы — у Літве (арганізацыя ZUBR.IN).
  • Для беларусаў зь іншых краін: праз унёсак ад 35 эўра (сярэдні памер адлічэньняў з падаткаў). Для гэтага запусьцілі новы кірунак праекту — Global. Удзельнікам суполкі Global прапануюць стварыць на агульна сабраныя грошы карысны digital-праект, актуальны для беларусаў і беларусак любой краіны.

Прыём ідэй стартуе неўзабаве пасьля старту прыёму падаткаў і ўнёскаў, бо падчас пілётнага праекту арганізатары атрымалі фідбэк, што людзям не падабаецца дасылаць грошы на невядомыя ідэі.

Галасаваць за праекты, якія будуць прафінансаваныя з гэтых грошай, змогуць усе ўдзельнікі ініцыятывы, якія перадалі на іх частку падаткаў альбо зрабілі ўнёсак.

Арганізатары абяцаюць запусьціць навучальны блёк пра рэалізацыю ідэй, бо «не ўва ўсіх удзельнікаў і ўдзельніц з кляснымі ідэямі ёсьць досьвед запуску праектаў», і створаць сыстэму, «каб аўтарам выдатных ідэй было не абавязкова іх самастойна рэалізоўваць».

Рэквізыты партнэраў праекту, гайды, як запоўніць дэклярацыю, таймлайн праекту, а таксама адказы на папулярныя пытаньні можна знайсьці на сайце праекту.

  • Летась да праекту далучылася сама меней 265 удзельнікаў і ўдзельніц (дакладная колькасьць невядомая, бо частка людзей пералічвала партнэрам свой працэнт ад падаткаў, не дасылаючы скрын дэклярацыі, таму гэтых удзельнікаў арганізатары не змаглі ўлічыць).
  • Агулам было сабрана каля 47 тысяч эўра, на якія ў Літве ўжо запусьцілі бібліятэку беларускай кнігі, а ў Польшчы ствараюць сайт пра сапраўдную гісторыю Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG