Увечары 2 лютага ЗША нанесьлі масіраваныя ўдары па аб’ектах на тэрыторыі Сырыі і Іраку, зьвязаных з іранскім Корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі і афіляванымі зь ім узброенымі фармаваньнямі, паведамляе агенцтва АР.
Атака стала адказам на ўдары па бесьпілётнай базе ЗША ў Ярданіі 28 студзеня, у выніку якіх трое амэрыканскіх вайскоўцаў загінулі і больш за сорак былі параненыя.
Мэтай амэрыканскіх удараў былі штабы, камандныя пункты, выведвальныя цэнтры, склады зброі і бункеры. Па словах амэрыканскіх прадстаўнікоў, іх паветраныя ўдары — сыгнал Ірану аб тым, што за напады кантраляваных ім груп на войскі ЗША, як і на гандлёвыя судны ў Чырвоным моры, усьлед рушыць адплата.
Згодна з заявай Пэнтагону, пад удары трапілі 85 абʼектаў на тэрыторыі Сырыі і Іраку. Па іх выпусьцілі агулам больш за 125 ракет і кіраваных бомбаў. У атацы ўдзельнічалі стратэгічныя бамбавікі, якія базуюцца ў ЗША. Амэрыканскія самалёты, якія знаходзяцца на базах і авіяносцах у рэгіёне, трымаюцца ў рэзэрве.
У заяве прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна гаворыцца, што ён даў указаньне аб нападзе ў адказ на забойства трох амэрыканскіх салдат. «Наш адказ пачаўся сёньня. Ён будзе працягвацца», — падкрэсьліў Байдэн. Паводле яго, далейшыя дзеяньні будуць па меры неабходнасьці. Амэрыканскія прадстаўнікі чакаюць, што паветраныя ўдары могуць працягвацца на працягу найбліжэйшых дзён, тыдняў і нават месяцаў.
ЗША папярэдзілі Іран аб тым, што ён панясе адказнасьць за напады зьвязаных зь ім групаў на амэрыканскія войскі ў Сырыі і Іраку. Папярэджаньні не прынесьлі вынікаў. Таму цяперашняя апэрацыя, як мяркуюць аналітыкі, будзе маштабнай і патэнцыйна зацяжной. Разам з тым, прадстаўнікі адміністрацыі падкрэсьліваюць, што ЗША ня будуць наносіць удары па тэрыторыі Ірану. Белы дом хоча пазьбегнуць прамой канфрантацыі з гэтай краінай.