Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пазьняк: Толькі ўнутры Беларусі можа зьявіцца нацыянальны лідэр


Зянон Пазьняк
Зянон Пазьняк

Першага лютага 1863 году на землях былога Вялікага Княства Літоўскага пачалося паўстаньне Кастуся Каліноўскага. Паўстанцы выступілі супраць расейскай улады, але пацярпелі паразу. Чаму тады гэты дзень — адзін з найважнейшых у беларускай гісторыі?

Што беларусы адзначаюць, узгадаваючы паўстанцаў Каліноўскага? І ці ёсьць сэнс выступаць супраць мацнейшага праціўніка? Госьць этэру «Свабоды Premium» — Зянон Пазьняк, лідэр руху «Вольная Беларусь».

«Паўстаньне моцнае ня толькі сваімі вынікамі, а сваёй ідэяй. Тое, што падняў Кастусь, — гэта ідэя, якая стала нашым сьцягам, нашай зоркай. І на гэта нацыя глядзіць ужо 150 гадоў. Калі б не было такога паўстаньня, не было б такой ідэі. „Каго любіш? — Люблю Беларусь. — Дык узаемна!“ Калі б ня было ахвяр, дык ці была б Беларусь? Можа б расейцы і дазвалялі кніжачкі выдаваць, але Расею нельга перамагчы кніжачкамі. Яе трэба перамагчы сілаю. І Кастусь паказаў, што трэба змагацца сілаю. Зразумела, што адбыўся фальстарт паўстаньня, і Кастусь гэтым абураўся. У Літве паўстаньне было непадрыхтаванае, патрэбны быў яшчэ месяц. У выніку мы аказаліся непадрыхтаванымі. Але ўсё роўна трэба было паўставаць. І Каліноўскі праявіў сябе як правадыр. Хаця ў тактычным пляне яно ўспыхнула раней часу. Але перамагчы ў той час Расейскую імпэрыю было вельмі цяжка. Але паўставаць трэба было», — кажа Зянон Пазьняк.

  • Паўстаньне 1863–1864 гадоў пачалося 22 студзеня 1863 году ў Варшаве. На тэрыторыі сучасных Беларусі і Літвы яно пачалося 1 лютага 1863 году, калі ў Вільні было абвешчана аб стварэньні Часовага правінцыйнага Ўраду Літвы і Беларусі на чале з Кастусём Каліноўскім.
  • Ва ўсіх беларускіх губэрнях у сакавіку-красавіку былі створаныя паўстанцкія атрады, якія складаліся пераважна з дробнай шляхты, мяшчан і сялян.
  • За наступныя паўгода на тэрыторыі сучаснай Беларусі адбылося 46 бітваў і баёў. Самай вялікай бітвай лічыцца бітва пад Мілавідамі ў цяперашнім Баранавіцкім раёне Беларусі, якая адбылася 3 чэрвеня. Аб’яднаныя сілы пяці паўстанцкіх атрадаў разграмілі царскія войскі.
  • Увосень 1863 году паўстаньне было крывава здушанае.
  • Кастусь Каліноўскі, які выдаваў беларускамоўную газэту «Мужыцкая праўда» і як кіраўнік ураду публікаваў дзяржаўныя загады па-беларуску, быў арыштаваны 29 студзеня 1864 году і 22 сакавіка павешаны на Лукіскім пляцы ў Вільні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG