Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ паведаміў, што затрымаў афіцэра запасу, якога падазраюць у працы на СБУ


Галоўны будынак КДБ Беларусі. Ілюстрацыйнае фота
Галоўны будынак КДБ Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

Беларускі афіцэр запасу нібыта перадаваў Украіне зьвесткі пра расейска-беларускія вайсковыя вучэньні.

Супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі затрымалі афіцэра запасу, які працаваў на спэцслужбы Ўкраіны. Такую інфармацыю агучылі на тэлеканале «Беларусь-1», паведамляе БелТА. У фільме заявілі, што затрыманьне адбылося яшчэ ў 2017 годзе.

«Затрыманым аказаўся Мікалай В. Пры ім быў дакумэнт з грыфам „Зусім сакрэтна“. Ён купіў яго некалькі хвілін таму для ўкраінскай выведкі. Чалавек паважаны ў беларускіх вайсковых і сілавых колах, інтэлектуал, адзін з аўтараў першай Канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі Беларусі. Але затрымлівалі яго ўжо як здрадніка Радзімы», — заявілі на тэлеканале.

Паводле дзяржаўных СМІ, украінскія спэцслужбы вельмі цікавілі сумесныя вучэньні, якія праводзіліся і праводзяцца паміж Беларусьсю і Расеяй. Галоўнае ўпраўленьне выведкі Мінабароны Ўкраіны нібыта таксама цікавілі сакрэтныя дакумэнты, зьвязаныя з вучэньнямі АДКБ.

Падазраваны нарадзіўся ў Сумскай вобласьці Украіны, скончыў Сувораўскую вайсковую вучэльню ў Кіеве. Служыў у Савецкай арміі, а ў 1983 годзе быў пераведзены ў БССР. Пасьля распаду Савецкага Саюзу застаўся ў беларускім войску. З 1992 году перайшоў у Цэнтар ваенных дасьледаваньняў Мінабароны, а пасьля выхаду ў запас працаваў у сілавых структурах Беларусі на цывільных пасадах.

Рэакцыі на гэтую інфармацыю ў Кіеве пакуль няма. Свабода зьвярнулася па камэнтар у СБУ Ўкраіны.

Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

Напад на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі ў 2022 годзе адбыўся пасьля сумесных расейска-беларускіх вучэньняў.

Пры гэтым беларускія вайскоўцы ня ўдзельнічаюць у поўнамаштабным расейскім уварваньні ва Ўкраіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG