Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад зьмяніў умовы ў закон аб дармаедах. ІП будуць лічыцца занятымі ў эканоміцы толькі пры аплаце падаткаў


Адзін з «антыдармаедзкіх» пратэстаў у 2017 годзе
Адзін з «антыдармаедзкіх» пратэстаў у 2017 годзе

Урад пастановай № 53 ад 25 студзеня ўнёс зьмяненьні ў крытэры аднясеньня грамадзян Беларусі да занятых у эканоміцы.

Дакумэнт афіцыйна апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. У адпаведнасьці зь ім цяпер занятымі ў эканоміцы будуць лічыцца індывідуальныя прадпрымальнікі пры ўмове выплаты падаходнага або адзінага падатку з даходаў ад прадпрымальніцкай дзейнасьці за адпаведны пэрыяд ажыцьцяўленьня прадпрымальніцкай дзейнасьці.

ІП, якія ня плацяць падаткі, будуць лічыцца занятымі ў эканоміцы толькі ў выпадку іх вызваленьня ад выплаты гэтых падаткаў у адпаведнасьці з заканадаўчымі актамі. Гэтыя зьмяненьні ўступаюць у сілу з 5 лютага і распаўсюджваюцца на адносіны, якія ўзьніклі з 1 кастрычніка 2023 году, гэта значыць будзе ўлічвацца выплата падаткаў ІП за чацьвёрты квартал мінулага году, адзначае reform.by пасьля аналізу дакумэнту.

Таксама зьмяненьні датычацца грамадзян, якія выпускаюць сельскагаспадарчую прадукцыю ў асабістай падсобнай гаспадарцы. Яны будуць лічыцца занятымі ў эканоміцы толькі калі не адсутнічаюць на тэрыторыі краіны сумарна 30 і больш каляндарных дзён у квартале, за якіх сфарміравана база зьвестак аб занятых у эканоміцы. Акрамя таго, яны павінны быць зарэгістраваны па месцы жыхарства ў Беларусі.

Умова фактычнага пражываньня ў Беларусі, за выключэньнем выезду за мяжу на лячэньне і аздараўленьне, дададзена і для аднясеньня да занятых у эканоміцы бацькоў, усынаўляльнікаў/удачаральнікаў, апекуноў дзіцяці-інваліда ва ўзросьце да 18 гадоў, а таксама жанчын, якія выхоўваюць дзіця ва ўзросьце да 7 гадоў, траіх і больш непаўналетніх дзяцей.

Нормы, якія датычацца бацькоў і ўладальнікаў асабістай гаспадаркі, уступаюць у сілу з 1 сакавіка.

Акрамя таго, удакладнена фармулёўка ў адносінах грамадзян, якія атрымліваюць даход ад здачы кватэр і іншых памяшканьняў. Да незанятых у эканоміцы не адносяцца грамадзяне, «якія атрымліваюць даходы ад здачы ў наём (арэнду) жылых і нежылых памяшканьняў, машына-месцаў, — пры ўмове выплаты падаходнага падатку зь фізычных асоб у фіксаваных сумах з такога даходу». Раней размова ішла аб проста падаходным падатку.

Цяпер МУС будзе перадаваць у Дзяржаўны памежны камітэт інфармацыю аб грамадзянах Беларусі, якія выехалі і ўехалі на тэрыторыю Расеі праз пункты пропуску на дзяржаўнай мяжы Расеі. Яе беларускаму МУС будуць прадстаўляць расейскія калегі. Гэта інфармацыя будзе выкарыстоўвацца камітэтам для фармаваньня зьвестак аб грамадзянах, якія выехалі за межы Беларусі. У 2022 годзе ўрад пастанавіў, што незанятымі ў эканоміцы будуць лічыцца грамадзяне, якія выехалі зь Беларусі на тэрмін больш за 30 дзён.

У Беларусі грамадзяне, уключаныя ў сьпісы незанятых у эканоміцы, павінны аплачваць камунальныя паслугі па тарыфах, якія забясьпечваюць поўнае пакрыцьцё затрат.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG