2023 год стаў рэкордным па ўгодах куплі-продажу кватэр у Беларусі. Толькі ў Менску заключылі 16,6 тысячы угодаў, у абласьцях — 11,9 тысячы, прычым чвэрць зь іх — у Горадні, сьведчыць статыстыка, якую апублікавала Дзяржкаммаёмасьць. Дакумэнт прааналізаваў беларускі партал па продажы нерухомасьці Realt.by.
Агулам 2023 год стаў самым выніковым годам у гісторыі сталічнага рынку кватэр. Для параўнаньня: за 2022 год у Менску прадалі 15,6 тысячы кватэр, у 2021 — 14,8 тыс., у 2020 — 10,6 тыс. Рэкорд стаў зразумелы яшчэ ў лістападзе. На рост попыту паўплывалі даступныя крэдыты, плаўнае павялічэньне кошту квадратнага мэтра, а таксама імкненьне людзей захаваць зьберажэньні ў квадратных мэтрах, піша партал. Найбольш кватэр прадалі ў жніўні 2023 году — 1660.
У 2023 годзе ў Менску часьцей за ўсё набывалі кватэры ў цэнавым дыяпазоне 40-60 тысяч даляраў — на іх прыпадае 40% ад агульнай колькасьці ўгодаў. Лідэр попыту — аднапакаёвыя кватэры (45% ад агульнай колькасьці ўгодаў). Цікава, што 20% аднапакаёвых кватэр маюць плошчу больш за 44 квадратныя мэтры, то бок патэнцыйна могуць выкарыстоўвацца як двухпакаёвыя.
Тыповы ўзрост пакупніка кватэры ў Менску — ад 31 да 40 гадоў, на долю гэтай узроставай групы прыйшлося 28% ад прададзеных у 2023 годзе кватэр. Яны часьцей за іншых набывалі трохпакаёвыя кватэры. На другім месцы — пакупнікі ва ўзросьце ад 41 да 50 гадоў (24%). На долю пакупнікоў, якія не дасягнулі 30-гадовага ўзросту, прыйшлося 3% попыту, пакупнікоў узростам больш за 70 гадоў — 6%.
За год цэны на кватэры ў Менску на другасным рынку вырасьлі на 4-7% у залежнасьці ад колькасьці пакояў. У абсалютным выражэньні квадратны мэтар падаражэў у сярэднім на 60 даляраў. Прыкметней за іншых падаражэлі аднапакаёвыя кватэры — на 7% ці на 100 даляраў за квадратны мэтар.
У абласных цэнтрах сумарная колькасьць угодаў куплі-продажу кватэр павялічвалася квартал за кварталам, паступова падштурхоўваючы цэны ўверх: у чацьвёртым квартале было зарэгістравана на 30% больш угодаў, чым у першым.
За год цэны на кватэры ў абласных гарадах, за выключэньнем Горадні, плаўна павялічваліся. Больш за ўсё мэтар вырас у кошце ў Берасьці — на 12% да 2022 году. У Віцебску кватэры за год падаражэлі на 8%, у Гомлі — на 7%, у Магілёве — на 5%. Адзіны абласны цэнтар, дзе адзначана зьніжэньне сярэдняй цаны — Горадня (-6% да 2022 году), што абумоўлена значнай доляй кватэр на першасным рынку, прададзеных у гэтым горадзе — 40%.
Паводле беларускіх рыэлтэраў, зь якімі раней паразмаўляла Свабода, прычыны росту продажаў кватэр у Беларусі ў пэрыяд нестабільнай эканамічнай сытуацыі наступныя: жаданьне мець не арэнднае, а сваё жытло; шмат прапановаў і варыянтаў на рынку; адкладзены попыт (зьбіраліся купіць кватэру раней, але не разумелі, чаго чакаць у будучыні); недарагія крэдыты на жыльлё.