Што вядома пра ператрусы і затрыманьні
Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», 23 студзеня пад перасьлед трапілі больш за 100 чалавек. Праваабарончая ініцыятыва Dissidentby увечары 24 студзеня паведаміла, што налічыла больш за 130 затрыманьняў і што ёй вядома пра заведзеныя крымінальныя справы паводле 3614 Крымінальнага кодэксу Беларусі РБ (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).
Да кагосьці прыйшлі дадому, а да некаторых — проста на працу. Пасьля ператрусаў сілавікі забіралі людзей на допыт, у некаторых выпадках — усёй сямʼёй, піша «Вясна». Шмат хто зь іх ужо на волі з падпіскай аб нявыезьдзе і неразгалошваньні, але некаторыя да гэтага часу застаюцца за кратамі, а іх працэсуальны статус невядомы.
Як паведаміла крыніца «Белсату», 24 студзеня перасьлед сваякоў палітвязьняў працягнуўся: вядома сама меней пра тры сям'і палітзьняволеных, да якіх сёньня прыйшлі сілавікі.
Тэлефоны некаторых затрыманых 23 студзеня пасьля ператрусаў і допытаў сілавікі забралі для праверкі, а камусьці аддалі тэлефон з устаноўленым міліцэйскім тэлеграм-ботам «Магніт», які дазваляе сілавікам дыстанцыйна сачыць за акаўнтам чалавека.
Супраць тых, у каго сілавікі знайшлі «экстрэмісцкія рэпосты і падпіскі», або тых, хто нібыта «крычаў і размахваў рукамі падчас гутаркі зь міліцыянтамі», склалі адміністрацыйныя пратаколы. Так, напрыклад, жонку палітвязьня і экс-кандыдата ў прэзыдэнты Міколы Статкевіча — Марыну Адамовіч — асудзілі на 15 сутак нібыта за «дробнае хуліганства» (арт. 19.1 КаАП).
Ня выпусьцілі пасьля затрыманьня і былога палітвязьня Аляксея Раманава, у якога раней дыягнаставалі анкалёгію. Як стала вядома Свабодзе, пасьля шматгадзіннага допыту ў гомельскім упраўленьні КДБ па падазрэньні ва ўдзеле ў «экстрэмісцкім фармаваньні» Аляксей трапіў у ізалятар часовага ўтрыманьня. Увечары таго дня яго падвезьлі пад ягоны дом, каб сваякі перадалі яму рэчы і лекі. 24 студзеня Раманаву прысудзілі 15 дзён адміністрацыйнага арышту па артыкуле 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Так яго пакаралі нібыта за падпіскі ў сацыяльных сетках.
На 72 гадзіны затрымалі і былую актывістку стачкаму на наваполацкім «Паліміры» Алену Вінакураву. Яна знаходзіцца ў ІЧУ Віцебску.
Што магло стаць прычынай ператрусаў і затрыманьняў
Пакуль няма дакладнай інфармацыі, з чым зьвязаная такая ўвага да родных палітвязьняў. Праваабаронцам вядома, што ў пастановах на ператрусы былі пазначаныя артыкулы за «фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-2 КК) і «ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні» (арт. 361-1 КК).
Паводле інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», у многіх выпадках прычынай зацікаўленасьці з боку КДБ стала дапамога сем’ям палітвязьняў ад ініцыятывы «INeedHelpBY», якую днямі ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем».
Праект надаваў прадуктовую дапамогу рэпрэсаваным, у тым ліку выкарыстоўваючы для гэтага папулярныя сэрвісы дастаўкі ад «Эўраопта» і «Гіпа». Па інфармацыі праваабаронцаў, сярод іншага супрацоўнікі пыталіся, «хто дапамагае зь перадачамі і хто аплачвае кошыкі з прадуктамі». Некаторым паказвалі раздрукоўкі аплат з «Е-кошыкаў», шукалі ў тэлефонах аплікацыі замежных банкаў, а таксама патрабавалі тлумачэньняў наконт грашовых пераводаў на беларускую картку з-за мяжы. Паведамляецца, што сілавікі нібыта праглядаюць аплаты ў сэрвісах зь літоўскіх і польскіх картак і зьбіраюць інфармацыю пра сумы аплат.
Прызнаньне ініцыятывы «экстрэмісцкім фармаваньнем» нясе сурʼёзныя наступствы для тых, хто зьвяртаўся ці зьвяртаецца да іх па дапамогу. Цяпер за любое супрацоўніцтва з «INeedHelpBY» можа пагражаць крымінальная адказнасьць па арт. 361-1 («удзел у экстрэмісцкім фармаваньні») і арт. 361-4 («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») Крымінальнага кодэксу.
Крыніца «Люстэрка» з Асацыяцыі палітвязьняў Беларусі (АПБ) на ўмовах ананімнасьці распавяла, што 23 студзеня сілавікі таксама затрымалі людзей, якія знаходзіліся ў тэлеграм-чаце сваякоў і былых палітвязьняў. Паводле крыніцы, доступ да сьпісу ўдзельнікаў чата сілавікі атрымалі каля двух тыдняў таму пасьля затрыманьня адной з удзельніц і «проста пайшлі па ўсіх кантактах, якія знаходзяцца ў Беларусі». Ён адзначае, што «ўсе ўдзельнікі чата былі вэрыфікаваныя, але многія зь іх не валодалі дастатковым узроўнем тэхнічнай пісьменнасьці, каб выканаць неабходныя меры лічбавай бясьпекі».
Акрамя гэтага, паводле актывіста АПБ, ёсьць сярод затрыманых і тыя, хто ня ўдзельнічаў у чаце і не карыстаўся дапамогай ініцыятывы INeedHelpBY. Паводле яго, 23 студзеня затрымалі мужа адной з палітзьняволеных, які не карыстаўся дапамогай ніякіх ініцыятываў, ня ўдзельнічаў у чатах і групах, ня вёў перапіску ні з кім з тых, каго рэжым лічыць «экстрэмістамі».
«Гэта неадэкватная рэакцыя на правамерную дзейнасьць грамадзкіх структур»
Праваабаронца «Вясны» Павал Сапелка пракамэнтаваў напад сілавікоў на сваякоў і блізкіх палітвязьняў, а таксама нагадаў пра меры бясьпекі, якія дапамогуць пазьбегнуць перасьледу:
«Атака на людзей і ініцыятывы, якія ў цяжкіх умовах не пакідаюць беларусаў без дапамогі, перасьледуе некалькі мэтаў, галоўныя зь якіх — адпомсьціць за салідарнасьць, разбурыць структуру падтрымкі, запалохаць людзей, уцягнутых у гэтую дзейнасьць.
Усе нападкі рэжыму ня маюць нічога агульнага з абаронай закону і правапарадку, гэта неадэкватная рэакцыя на правамерную дзейнасьць грамадзкіх структур, аднак улады ўжо нават не спрабуюць гэтага хаваць. Дабрачынная дапамога людзям у цяжкай сытуацыі па вызначэньні ня можа несьці небясьпекі для канстытуцыйнага ладу і функцыянаваньня дзяржавы і яе інстытутаў — калі гэта, вядома, не таталітарны рэжым, які страціў падтрымку народу і сілай узурпаваў уладу і які існуе толькі дзякуючы рэпрэсіям.
Павал Сапелка заявіў, што ў „Вясьне“, робяць усё, каб мінімізаваць рызыкі для людзей, якія дапамагаюць «нам і адзін аднаму».