Пра гэта паведамляе партал «Люстэрка» са спасылкай на прэсавую службу СК.
Краўцову інкрымінуюцца наступныя артыкулы Крымінальнага кодэксу:
- ч. 3 арт. 130 (Наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на ўзбуджэньне сацыяльнай варожасьці, варожасьці паводле прыкметы іншай сацыяльнай прыналежнасьці, учыненыя арганізаванай групай, якія пацягнулі за сабой іншыя цяжкія наступствы);
- ч. 4 арт. 209 (Завалоданьне маёмасьцю шляхам падману і злоўжываньня даверам (махлярства), учыненае ў асабліва буйным памеры);
- ч. 1 арт. 357 (Змова, учыненая з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам);
- ч. 1 арт. 3611 (Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня).
Што такое спэцыяльнае вядзеньне
Як тлумачаць на сайце СК, «спэцыяльнае вядзеньне — вядзеньне па крымінальнай справе ў дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс». Гэта значыць, спэцвядзеньне — фактычна першы крок да нядаўна ўзаконеных у Беларусі завочных судоў над тымі, хто знаходзіцца за мяжой.
Разам з абвесткай аб адкрыцьці спэцыяльнага вядзеньня СК выклікае фігурантаў у Беларусь для правядзеньня сьледчых дзеяньняў — публікацыя гэтай інфармацыі на сайце ведамства па цяперашнім законе лічыцца належным апавяшчэньнем.
Аляксандар Лукашэнка ў ліпені 2022 году падпісаў закон аб зьменах у Крымінальна-працэсуальны кодэкс, якія дазваляюць судзіць беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, завочна і нават прыгаворваць іх да расстрэлу.
Як паказала практыка, правядзеньне папярэдняга расьсьледаваньня ў парадку спэцвядзеньня займае няшмат часу.