Пра гэта «Купалаўцы» паведамілі ў сваім Інстаграме.
Ролі ў ім выконваюць вядомыя беларускія акторы — Зоя Белахвосьцік, Аляксандар Гарцуеў, Аляксандар Казела, Валянціна Гарцуева.
Аўтар п’есы — Сяргей Кавалёў, рэжысэр — Павел Пасіні, сцэнаграфія — Аляксандра Канарская, пераклад — Натальля Русецкая, Малгажата Бухалік, Васіль Сёмуха.
Паводле выканаўцы галоўнай ролі Зоі Белахвосьцік, спэктакль — «пра ўсе войны сьвету, былыя, сёньняшнія і будучыя».
«Жах перад ворагамі— выклік для Юдзіфі, яе веры, чысьціні, годнасьці і вернасьці свайму народу! Яна выбірае подзьвіг. Але гэтая жанчына— не ікона, яна адна з нас», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
У ім адзначаецца, што спэктакль «экспэрымэнтальны». «Час не стаіць на месцы — і яны таксама глядзяць наперад і спрабуюць новыя формы», — тлумачаць акторы.
У жніўні 2020 году купалаўцы публічна асудзілі самавольства і гвалт сілавікоў у дачыненьні да мірных дэманстрантаў, пасьля чаго быў звольнены дырэктар тэатру Павал Латушка. На знак салідарнасьці зь ім Купалаўскі тэатар пакінулі практычна ўсе акторы, рэжысэры, рэдактары, адміністратары, музыкі аркестру, кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі, мастацкі кіраўнік Мікалай Пінігін — звыш 60 чалавек.
Ня маючы сцэны, яны заснавалі незалежную трупу «Купалаўцы». З таго часу купалаўцы выступалі онлайн і здымаліся ў відэапастаноўках. Іх першай прэм’ерай стаў культавы спэктакль «Тутэйшыя», спэктакль на YouTube паглядзелі больш за 300 тысяч чалавек. 29 верасьня 2022 году «Купалаўцы» ўпершыню за год выступілі на сцэне перад гледачамі.