Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэсты ў Башкартастане перакінуліся на Ўфу. Людзі водзяць карагод, паліцыя затрымлівае ўдзельнікаў


Прыхільніца Алсынава, якую затрымалі ва Ўфе 19 студзеня 2024
Прыхільніца Алсынава, якую затрымалі ва Ўфе 19 студзеня 2024

У сталіцы Башкартастану Ўфе на цэнтральнай плошчы Салавата Юлаева раніцай 19 студзеня сабраліся некалькі соцень чалавек.

Выданне SotaVision ацэньвае лік пратэстоўцаў у паўтары тысячы. Правесьці акцыю заклікалі ў сацсетках прыхільнікі актывіста Фаіля Алсынава, нядаўна асуджанага на 4 гады зьняволеньня. У дзень вынясеньня яму прысуду ў горадзе Баймак адбыліся сутыкненьні дэманстрантаў з паліцыяй.

Людзі, якія сабраліся ва Ўфе, гуляюць па плошчы, водзяць карагоды, сьпяваюць башкірскія песьні. Паліцыянтам яны кажуць, што проста гуляюць.

АМАП, як паведамляе шэраг СМІ, затрымаў некалькі чалавек, у тым ліку дзяўчыну з плякатам, на якім былі словы з выступу Алсынава.

Карэспандэнту тэлеграм-канала «Аднойчы ў Башкірыі» паліцыянты, аднак, сказалі, што фармальна затрыманьняў не было, а паліцыя проста «суправадзіла» некалькіх людзей з плошчы.

МУС Башкартастану раней папярэдзіла аб адказнасьці за ўдзел у няўзгодненай акцыі.

У сераду ля будынка суду ў Баймаку, дзе раніцай вынесьлі абвінаваўчы вырак экаактывісту Фаілю Алсынаву, некалькі гадзін працягвалася няўзгодненая акцыя пратэсту. Некалькі тысяч чалавек патрабавалі вызваліць абаронцу гары Куштаў.

Паліцыя прымяніла сьлёзатачывы газ і сьвятлашумавыя гранаты, біла дэманстрантаў дубінкамі. Па выніках акцыі былі затрыманы некалькі дзясяткаў чалавек. Каля дваццаці ўдзельнікаў пратэсту зьвярнуліся па мэдыцынскую дапамогу. Некалькі чалавек пасьля былі адпраўлены пад адміністрацыйны арышт.

Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу паводле артыкулаў аб арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках, а таксама аб прымяненьні гвалту ў дачыненьні да прадстаўнікоў улады.

Кіраўнік Башкартастану Радый Хабіраў, камэнтуючы 18 студзеня сутыкненьні прыхільнікаў Алсынава з паліцыяй ля будынка суду ў Баймаку, заявіў, што ня будзе «цярпець экстрэмізм і спробы разгойдваць сытуацыю» і «пакажа сапраўднае аблічча арганізатараў», якіх ён абвінаваціў у сэпаратызьме.

  • Абаронцу Куштау Фаіля Алсынава вінавацілі ва ўзбуджэньні нянавісьці ці варожасьці. Ён віны ня прызнае. Раней Алсынаў узначальваў арганізацыю «Башкорт», якую ў 2020 годзе расейскія ўлады прызналі экстрэмісцкай, забараніўшы яе дзейнасьць на тэрыторыі краіны. Кіраўнік Башкартастана Радый Хабіраў патрабаваў прыцягнуць актывіста да крымінальнай адказнасьці за «ажыцьцяўленьне экстрэмісцкай дзейнасьці» і «заклікі да антыдзяржаўных выступленьняў».
  • У 2018 годзе шыхан (гару) Куштау перадалі для здабычы вапны Башкірскай содавай кампаніі, супраць гэтага рашэньня пачалі выступаць мясцовыя жыхары. Пасьля акцыяў шматлікіх актывістаў, якія выступалі ў абарону Куштау, прыцягвалі да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG