У мінулыя выходныя польскія сілавікі затрымалі 20-гадовага грамадзяніна Беларусі, паведамілі ў паліцыі Беластоку.
Хлопца шукалі за крадзеж грошай з банкаўскага рахунку і гандаль наркотыкамі ды псыхатропамі з выкарыстаньнем фальшывых рэцэптаў па чырвонай картцы Інтэрполу, ініцыяванай беларускім бокам.
Між тым у міжнароднай судовай практыцы ўжо былі прэцэдэнты, калі беларусаў, затрыманых на запыт беларускага боку, Беларусі ўрэшце не выдавалі, піша выданьне Most.
Летась у кастрычніку на ўезьдзе ва Ўкраіну затрымалі ўраджэнца Пружан, які спрабаваў трапіць у краіну з Польшчы па польскім праязным дакумэнце для іншаземца. Нагодай стала чырвоная картка Інтэрполу. Але суд адмовіў у экстрадыцыйным арышце, спаслаўшыся на тое, што «ў адносінах зь Беларусьсю немагчыма захаваньне міжнародных пагадненьняў аб прававым супрацоўніцтве па грамадзянскіх і крымінальных справах».
У лютым мінулага году ў Нэапалі на запыт беларускіх уладаў затрымалі Ўладзіслава Гірыса, які прыехаў у Італію ў адпачынак з Польшчы. Афіцыйна яго шукалі па справе аб махлярстве. Тады італьянскі суд прызнаў запыт рэжыму Лукашэнкі палітычным перасьледам і вызваліў беларуса пасьля трох месяцаў арышту.