Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусу пагражае дэпартацыя з Польшчы пасьля 16 гадоў пражываньня там


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Грамадзяніна Беларусі Паўла Юшкевіча пазбавілі дазволу на жыхарства ў Польшчы і абавязалі на працягу 30 дзён пакінуць краіну, паведаміў партал nowosci.com.pl.

Удакладняецца, што прычынай адпаведнага судовага рашэньня стала выдадзенае 10 гадоў таму заключэньне Агенцтва ўнутранай бясьпекі (АУБ) Польшчы.

Польскае выданьне называе Юшкевіча «беларускім дысыдэнтам», а рашэньне ў дачыненьні да яго — «абсурдным».

Юшкевіч — ураджэнец Гродзенскай вобласьці, паляк па нацыянальнасьці, у Польшчу пераехаў зь сям’ёй у 2008 годзе ва ўзросьце 17 гадоў. Зьяўляецца выпускніком унівэрсытэту імя Мікалая Каперніка ў Торуні, дзе і пражывае. Мае ступень бакаляўра расейскай філялёгіі, піша доктарскую дысэртацыю, уключаны ў залатую кнігу выпускнікоў торуньскай ВНУ. Працуе выкладчыкам, мае свой бізнэс.

«Ён быў выбітным і вельмі актыўным студэнтам, які ўдзельнічаў, у прыватнасьці, у дапамозе перасьледваным [на радзіме] беларусам», — гаворыцца ў публікацыі, якую цытуе агенцтва «Позірк».

Дэпартацыя пагражала яму яшчэ ў 2013 годзе, але тады «ўпраўленьне ў справах іншаземцаў адмяніла рашэньне ваяводы і адправіла яго на паўторны разгляд», пасьля чаго вядзеньне справы спынілі.

Старшыня гарадзкой рады Торуні Марцін Чыжнеўскі, раней унівэрсытэцкі выкладчык, у якога вучыўся Юшкевіч, — на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» назваў сытуацыю вакол беларуса «правакацыяй рэжыму Лукашэнкі».

Паводле Чыжнеўскага, ён зьвярнуўся да кіраўніцтва Куяўска-Паморскага ваяводзтва з «просьбай прыняць меры», якія «пазбавілі б спадара Паўла Юшкевіча ад дэпартацыі з Польшчы».

«Я асабіста ведаю Паўла і ручаюся за ягоную адданасьць Польшчы, а таксама за прыхільнасьць беларускім дысыдэнтам. Я спадзяюся, што яму ўдасца абараніцца ад кафкіянскага рашэньня, якое азначае ня толькі дэпартацыю, але і турэмнае зняволеньне ў Беларусі. Я вельмі прашу ўсіх, хто можа паўплываць на гэтае пытаньне, падтрымкі і дапамогі!» — напісаў Чыжнеўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG