Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства падаткаў і збораў расказала падрабязнасьці пра «збор на багацьце», які ўведзены з новага, 2024 году


З 1 студзеня ў Беларусі ўвялі «збор на багацьце». Прадстаўнікі Міністэрства па падатках і зборах на сваім сайце расказалі, зь якіх даходаў новы падатак будуць спаганяць, а зь якіх — не.

Чыноўнікі сьцьвярджаюць, піша Zerkalo.io, што некаторыя дывідэнды не падпадаюць пад падвышаную падатковую стаўку. Напрыклад дывідэнды рэзыдэнтаў Парку высокіх тэхналёгій, падаходны падатак для якіх спаганяецца па стаўцы 9%, а таксама рэзыдэнтаў індустрыяльнага парку «Вялікі камень», у якіх збор па нулявой стаўцы.

Таксама ня будуць улічваць даходы па некаторых працоўных дамовах. Сярод іх — працаўнікі кампаній — рэзыдэнтаў ПВТ, а таксама індустрыяльнага парку «Вялікі камень». Таксама гэта тычыцца кампаній і ІП, якія зарэгістраваныя з 1 ліпеня 2015 году па 31 сьнежня 2025 году на тэрыторыі паўднёва-ўсходняга рэгіёну Магілёўскай вобласьці (гэта спэцыяльная зона з прэфэрэнцыямі).

Таксама ня будуць падпадаць пад павышаную падатковую стаўку даходы ад дывідэндаў, выплат па працоўных дамовах (а таксама па грамадзянска-прававых), калі працы і паслугі былі аказаныя да 1 студзеня 2024 году, а грошы атрыманыя пазьней.

«Вызначэньне стаўкі падаходнага падатку ў памеры 25% ня ўносіць ніякіх зьменаў у парадак вылічэньня, спаганяньня і пералічэньня ў бюджэт падаходнага падатку падатковымі агентамі. Гэта значыць, нягледзячы на перавышэньне на працягу 2024 году налічаным падаткам памеру ў 200 000 рублёў, падатковы агент ня робіць падлік падаходнага падатку па стаўцы ў памеры 25%», — гаворыцца ў паведамленьні Міністэрства падаткаў і збораў.

Маецца на ўвазе, што працадаўцам ня трэба будзе адлічваць у супрацоўніка падатак па падвышанай стаўцы, гэтым будуць займацца самі падаткоўцы пасьля прадстаўленьня працаўніком дэклярацыі па падаходным падатку зь фізычных асоб за бягучы год (гэта трэба будзе зрабіць у 2025-м).

  • У 2023 годзе ўрад увёў павышаны падатак для тых, хто зарабляе больш за 200 тысяч рублёў за год — «падатак на багацьце». Такія людзі павінны плаціць падаходны падатак 25% з сумы перавышэньня замест цяперашніх 13%. Размова аб даходах ад дывідэндаў, па працоўных дамовах, а таксама па грамадзянска-прававых дамовах. Штомесячны даход павінен быць большы за 16 667 рублёў, каб падпасьці пад павышаны падатак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG