Асацыяцыя палітвязьняў Беларусі выклала ў Facebook відэавіншаваньні з Новым годам.
«З 2020 году час спыніўся, нашыя сэрцы напоўненыя смуткам і больлю. Нас зьневажаюць, наш сьвет перакулілі.
Мы ўсе загадваем адно і тое ж жаданьне ў навагоднюю ноч і вельмі спадзяёмся, што ў гэтым годзе яно сапраўдзіцца і нашыя сэрцы напоўняцца шчасьцем, радасьцю, сустрэчай з роднымі і блізкімі. Мы помнім нашых сяброў, якія застаюцца за кратамі, і помнім тых, хто аддаў жыцьцё ў засьценках беларускіх турмаў ці ва ўкраінскіх акопах», — гаворыцца ў публікацыі.
Сябры асацыяцыі адзначаюць, што беларусы стаміліся, але няма іншага шляху, як ісьці толькі наперад і змагацца з рэжымам.
«„Без пакутаў чалавек — трава“, так казаў наш класік Васіль Быкаў. Так, праз пакуты, нараджаецца нацыя, нараджаецца тая краіна, аб якой мы ўсе марым, наша Беларусь.
Наш нізкі паклон усім неабыякавым беларусам, якія пісалі нам лісты, слалі пасылкі, прыносілі перадачы, перажывалі ўсе нашы цяжкія выпрабаваньні разам ці патрымлівалі на адлегласьці. Вы дарылі нам хвіліны радасьці і рабілі наш шлях лягчэйшым. Вы не далі нам зламацца і напаўнялі нашыя сэрцы цяплом і надзеяй. Мы дзякуем вам і шчыра жадаем вашым сем’ям, дзецям, бацькам толькі дабра і сьвятла, гармоніі, міра, любві», — гаворыцца ў віншаваньні.
Сябры арганізацыі зычаць беларусам моцы, узаемаразуменьня, адзінства і цярпеньня.
«І жадаць толькі аднаго, каб кожны з нас быў вольным, быў дома», — адзначаецца ў віншаваньні Асацыяцыі палітвязьняў Беларусі.