Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Італіі прапануюць караць школы, якія адмяняюць калядныя спэктаклі і сымболіку


Калядныя ясьлі ў Горадні, 2020 год
Калядныя ясьлі ў Горадні, 2020 год

Правы ўрад Джорджы Мэлёні мае намер пакласьці канец практыцы італьянскіх школ, якія адмаўляюцца ад каляднай сымболікі і традыцыйных сьвяточных пастановак, каб «адлюстраваць рэлігійную разнастайнасьць», інфармуе ВВС.

Прэм’ер-міністар Італіі заявіла, што спыняць хрысьціянскую практыку зь меркаваньняў мультыкультуралізму — гэта атака на нацыянальныя каштоўнасьці.

Законапраект, прадстаўлены сэнатарамі ад яе партыі «Браты Італіі», прадугледжвае штрафы для кіраўнікоў навучальных устаноў і выкладчыкаў, якія, нягледзячы на просьбы бацькоў або вучняў, забараняюць, у прыватнасьці, калядныя батлейкі, якія паказваюць нараджэньне немаўляці Хрыста.

Унесены ўрадам законапраект накіраваны на абарону «культурных каранёў» краіны шляхам заахвочваньня «традыцыйных сьвяткаваньняў» Раства і Вялікадня.

Згодна з гэтым законапраектам дырэктараў, якія вырашылі адмовіцца ад правядзеньня калядных сьвят, могуць штрафаваць.

«Ужо некалькі гадоў мы назіраем непрымальныя і ганебныя рашэньні некаторых школ, якія забараняюць калядныя сцэны або зьмяняюць глыбінную сутнасьць Раства, ператвараючы яго ў непраўдападобныя „зімовыя сьвяты“, каб не абразіць пачуцьці вернікаў іншых рэлігій», — сказала Лявінія Мэннуні, сэнатарка ад партыі «Браты Італіі», што прадставіла законапраект.

У адпаведнасьці з законапраектам школы ня змогуць перашкаджаць «ініцыятывам бацькоў, вучняў або ўпаўнаважаных школьных органаў, накіраваным на мерапрыемствы, зьвязаныя з традыцыйнымі сьвятамі, такімі як Каляды і Вялікдзень, напрыклад, усталёўваньне сцэнаў Калядаў, спэктаклі і іншыя зьвязаныя зь імі мерапрыемствы».

«Дазвол ператвараць сьвятых хрысьціянскіх сьвятаў у іншы абязьлічаны від сьвяткаваньня будзе ўяўляць сабой дыскрымінацыю ў дачыненьні да навучэнцаў і іх сем’яў, якія вызнаюць рэлігію большасьці, а таксама замах на каштоўнасьці і глыбокія традыцыі нашага народу», — гаворыцца ў праекце закону.

Гэты крок скрытыкавалі левыя партыі і школьныя прафсаюзы.

Рыкарда Магі, сакратар левай партыі «Плюс Эўропа», напісаў у сацыяльнай сетцы X, што прапанова «Братоў Італіі» «павінна абразіць усіх вернікаў, а да таго ж яна неканстытуцыйная, бо супярэчыць свабодзе веравызнаньня».

«Замест таго каб кіраваць краінай, з чым яны [„Браты Італіі“] не ўпраўляюцца, яны працягваюць выкарыстоўваць „зброю адцягваньня“, такую як гэты закон, супраць дырэктараў школ, якія згаджаюцца выдаліць сцэну Раства Хрыстовага са школы», — заявіла Люана Занэла з партыі «Зялёныя Эўропы».

Атыліё Фрата, прэзыдэнт нацыянальнай асацыяцыі дырэктараў школ, заявіў, што спачатку палічыў гэтую прапанову розыгрышам.

«Я ўражаны, як нехта можа надаваць значэньне падобным навінам, — сказаў ён у сваёй заяве. — Мы сутыкаемся з захадамі, якія карысныя толькі для таго, каб адцягнуць увагу італьянцаў ад рэальных праблем школ і краіны».

Сама Мэлёні ня раз падкрэсьлівала, што каталіцтва ляжыць у аснове яе італьянскай ідэнтычнасьці. У 2019 годзе яна сказала:

«Я Джорджа, я жанчына, я маці, я італьянка, я хрысьціянка. Ніхто не адбярэ гэтага ў мяне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG