Вядомы прапагандыст Рыгор Азаронак апублікаваў у «Менскай праўдзе» ліст да Іосіфа Сталіна.
Зьвяртаючыся да адрасату на «ты», аўтар патлумачыў: «У маёй сьвядомасьці ты Цар, Імпэратар, Уладыка паўсьвету. А да Цароў, Князі на нашай зямлі спрадвеку зьвярталіся на „ты“».
На думку Азаронка Сталін здолеў падняцца на самую вяршыню на хвалі страшэннай смуты, перайграўшы сваіх энэргічных і шалёных паплечнікаў.
Азаронак параўноўвае часы Сталіна з сытуацыяй у сёньняшняй Беларусі: «У нас разьвяліся і дывэрсанты, і шпіёны, і шкоднікі, і сабатажнікі, і інтэлігенцыя павяла сябе так, як ты гаварыў. І ўсе гэта нізкапаклонства бачым. Ты ва ўсім меў рацыю».
Прапагандыст піша, што Сталін «стаў уладыкам паловы сьвету — ад Бэрліну да Пэкіну», якая потым абрынулася.
Азаронак мяркуе, што сёньня Ўкраіна, якую Сталін «як немаўля песьціў на сваёй хворай руцэ — стала пачварай». А вось у Беларусі — «ёсьць твая Лінія» і бюст, адзначае аўтар ліста.
«Я пакланюся табе, Правадыр. Я абвяргаю ўсе паклёпы на цябе. Вышэй за цябе толькі Госпад Бог. Судзіць цябе толькі Госпаду. Магчыма, ты працягваеш зь ім спрэчку. Але дакладна — у раі», — напісаў Рыгор Азаронак у сваім лісьце Сталіну.