«Катюшин расчёт» — так называецца перадача на «Беларусь-1», якую вядзе Кацярына Ціхамірава. Тэмы гучаць наступным чынам:
- «Хто рыхтуе баевікоў для Беларусі?»,
- «Хто зьлівае беларускіх наймітаў?»,
- «Брудныя мэтады экстрэмістаў»,
- «Зьбеглыя ў 2020-м хочуць вярнуцца дамоў»,
- «Бандэраўскі Гітлерюгенд».
Менавіта Кацярына Ціхамірава паспрабавала разыграць прадстаўніцу Каардынацыйнай рады Вольгу Кавалькову. Прапагандыстка загрыміравалася, прадставілася памочніцай «аднаго расейскага алігарха» і выйшла на сувязь з Кавальковай. Ціхамірава прапаноўвала сваёй суразмоўцы грашовую дапамогу ў расейскіх рублях, а таксама пыталася, ці пагодзіцца яна зьмясьціць Сьвятлану Ціханоўскую на месцы лідэркі дэмакратычных сілаў.
Цяпер Ціхамірава шмат робіць рэпартажаў пра полк Каліноўскага.
«Гэта дарога ў адзін канец. Украінскія вярхі не шкадуюць ні сваіх, не пашкадуюць і чужых. Да апошняга ўкраінца, да апошняга найміта», — казала прапагандыстка ў адным з апошніх ролікаў.
У гэты час у сюжэце мільгала фота забітага Івана «Брэста» Марчука, якое актыўна качавала ў расейскіх Z-пабліках. Хто ж такая гэтая Кацярына Ціхамірава?
«Няправільная ўкраінка»
Да Беларусі жанчына ня мае ніякага дачыненьня. Яна сама родам з Севастопаля, з Крыму.
«Калі браць нацыянальнасьць, то я ўкраінка», — казала яна ў інтэрвію выданьню «Беларусь сегодня». Ціхаміравай 35 гадоў.
У іншым сваім допісе ў сацыяльнай сетцы Facebook Ціхамірава падзялілася, што яна «няправільная ўкраінка, бо расейка».
«Я, Кацярына Ціхамірава, у дзявоцтве Салюк, а па маці — Палішчук. Я дачка няправільных украінцаў, якія вызвалялі Кіеў, штурмавалі непрыступны Кёнігсбэрг, аднаўлялі Севастопаль і адбудоўвалі расейскі Калінінград. Так, я няправільная ўкраінка, таму што руская!» — напісала яна.
Зь Севастопаля ў Калінінград сям’я Ціхаміравай пераехала, калі будучая прапагандыстка яшчэ хадзіла ў школу. У Крыме ў яе заставаліся бабка зь дзедам, якія ўжо памерлі.
Таксама яна ўспамінае, як у 1990-я зь іншымі дзецьмі сустракала ў Крыме нямецкіх турыстаў. «Як маленькія расейскія малпачкі скакалі перад імі за маркі і слодычы».
Змагалася з праявамі «германскасьці» ў Калінінградзе
У Калінінградзе дзяўчына вучылася на настаўніцу расейскай мовы і літаратуры. Пры гэтым казала, што заўсёды марыла працаваць журналісткай.
Мара спраўдзілася, Кацярына стала супрацоўнічаць з калінінградзкім радыё «Русский край». Гэтае СМІ сябе пазыцыянуе наступным чынам:
- «Радыёстанцыя, якая стварае сваю рэдакцыйную палітыку на аснове айчынных духоўных і маральных каштоўнасьцяў».
- «Мы русские, с нами Бог», — гэтыя словы Суворава былі лёзунгам працы «Русского края».
Сваім кантэнтам радыёстанцыя нагадвала нешта сярэдняе паміж «Регнумом» і «Царьградам».
«Я працавала на радыёстанцыі, набліжанай да Расейскай праваслаўнай царквы. Яно называлася так менавіта праз ідэалягічнае супрацьстаяньне «эўрапейскасьці», — казала Ціхамірава.
У іншым інтэрвію яна падкрэсьлівала, што ёй казалі: «Праца ў „Русском крае“ — гэта як чорная метка на ўсё жыцьцё».
Сама яна падчас працы ў Калінінградзе актыўна змагалася з праявамі «германізацыі» ў горадзе. Сваім настаўнікам называе журналіста Андрэя Выпалзава, які якраз праславіўся асуджэньнем «германізацыі» Калініграду.
На сёньняшні дзень «Роскомнадзор» прыпыніў ліцэнзію «Русского края». Галоўны рэдактар радыё Міхаіл Чаранкоў напісаў, што блякаваньне адбылося на фоне перадвыбарнай зачысткі інфармацыйнага поля альбо «па скарзе на адну зь сьвежых антыізраільскіх і антысіянісцкіх публікацый».
На аватарцы ў Чаранкова стаіць арыштаваны Ігар Стралкоў. Сам Чаранкоў моцна крытыкуе Пуціна, пры гэтым падтрымлівае вайну ва Ўкраіне.
«Баец просіцца ў атрад»
У Калінінградзе Ціхамірава выйшла замуж. Яе абраньнікам стаў дальнабойнік Аляксей Ціхаміраў. Зь ім разам яны крыху падарожнічалі па Эўропе.
Пераезд у Менск быў зьвязаны якраз са сваякамі мужа. У Беларусі ў яго жыў дзед, былы вайсковы пракурор Уладзімер Давыдаў. Спачатку яго даглядала маці Аляксея Ціхамірава, але потым яна памерла. І тады ўжо дзеда сталі даглядаць унук зь нявесткай. Уладзімер Давыдаў памёр у лістападзе 2021 году.
Спачатку Кацярына з мужам прыяжджалі ў Беларусь на некалькі дзён кожныя некалькі месяцаў, а потым і цалкам пераехалі. Адбылося гэта ў 2020 годзе, калі ў сьвеце пачалася эпідэмія каранавірусу.
Жанчыне не падабалася, што ў параўнаньні зь Беларусьсю ў Расеі трэба паўсюль насіць маскі.
У нядаўнім інтэрвію для перадачы «Скажынемаўчы» на «Беларусь-1» яна казала, што 30 жніўня 2020 году пайшла ў краму, каб падрыхтаваць дзіця да 1 верасьня, і сутыкнулася з пратэстоўцамі. Пасьля лінейкі ў школе яна напісала ў прыват да кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі Івана Эйсманта. «Баец просіцца ў атрад», — так, паводле Ціхаміравай, пачыналася паведамленьне.
«Лячэньне за дзяржаўны кошт на шконцы»
Неўзабаве яе запрасілі працаваць на тэлевізію. «Ну, паехалі! За Радзіму», — так напісала Ціхамірава ў сваім інстаграме 10 кастрычніка 2020 году, зьмясьціўшы фота зь мікрафонам БТ.
Ужо ад лістапада 2020 году расейка Ціхамірава стала расказваць гледачам БТ пра тое, што дэмакратыя не патрэбна, а пратэстоўцам плацяць, і як Захаду патрэбен толькі хаос у Беларусі.
У жніўні 2021 году Ціхамірава ўдзельнічала ў прэс-канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі, якую ён даваў у гадавіну прэзыдэнцкіх выбараў. Была запрошаная на прыём на стары Новы год у Лукашэнкі.
З часам Ціхаміравай сталі давяраць «выкрывальніцкія» рэпартажы, яна рыхтавала сюжэт пра нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага. Праўда, Ціхамірава так і не знайшла людзей, якія б маглі нешта кепскае сказаць пра Бяляцкага. У ролі «экспэртаў» выступалі людзі ў зацемненых пакоях са схаванымі тварамі і зьмененымі галасамі. Пра Бяляцкага ж Ціхамірава сказала, што яго «прэміявалі санаторна-курортным лячэньнем за дзяржаўны кошт на шконцы».
У 2022 годзе з пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Ўкраіны Кацярына Ціхамірава рашуча падтрымала расейскую армію. Менавіта ёй належаць рэпартажы на БТ аб тым, што вялізная колькасьць трупаў сярод цывільнага насельніцтва ў Бучы — пастаноўка. Прапагандыстка пераконвала, што адмова Эўропы ад расейскага газу — гэта яе самагубства.
«Сёньня Дзень адзінства народаў Беларусі і Расеі. Не хапае толькі трэцяй сястры. Бедная, разарваная д’ябальскімі танцамі Ўкраіна... Хутка вернецца ў сям’ю. У гэтым няма сумневаў», — пісала Ціхамірава 2 красавіка 2023 году.
Гэтым летам Ціхамірава разам зь сям’ёй езьдзіла на адпачынак у акупаваны Крым. Пры гэтым усё яшчэ час ад часу скардзіцца ў сваіх сацсетках, як сумуе па Калінінградзе і Балтыйскім моры.