Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крыніцы «Люстэрка» паведамілі, што затрымалі гендырэктара БелАЗу. На заводзе кажуць, што ён у адпачынку


Сяргей Нікіфаровіч выступае на стратэгічнай сэсіі XII Пецярбурскага міжнароднага газавага форуму, Санкт-Пецярбург, 1 лістапада 2023 году. Фота: Belaz.by
Сяргей Нікіфаровіч выступае на стратэгічнай сэсіі XII Пецярбурскага міжнароднага газавага форуму, Санкт-Пецярбург, 1 лістапада 2023 году. Фота: Belaz.by

Некалькі не зьвязаных паміж сабой крыніц, якія працуюць на БелАЗе, паведамілі «Люстэрку», што затрыманы генэральны дырэктар прадпрыемства Сяргей Нікіфаровіч.

Пазьней выданьню стала вядома, што на заводзе актыўна абмяркоўваюць гэтую тэму, аднак ніякіх афіцыйных аб’яваў да гэтага часу не было.

Як сьцьвярджаюць крыніцы «Люстэрка», Сяргея Нікіфаровіча затрымалі ўвечары 15 сьнежня і з таго часу ён нібыта знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Адна з магчымых прычынаў — карупцыя.

Афіцыйных паведамленьняў аб затрыманьні дырэктара БелАЗу не было ні ад сілавікоў, ні ад Аляксандра Лукашэнкі, які любіць самастойна паведамляць пра такія рэзанансныя справы.

Радыё Свабода пакуль ня можа пацьвердзіць ці зьняпраўдзіць гэтую інфармацыю.

18 сьнежня журналіст «Люстэрка» пад выглядам звычайнага беларуса патэлефанаваў у прыёмную Нікіфаровіча. Там заявілі, што яго на працоўным месцы няма.

«Сяргей Алегавіч на нарадзе», — сказала сакратарка. Пасьля ў той дзень, як і ў наступны, 19 сьнежня, слухаўку ў прыёмнай не здымалі.

20 сьнежня, адказваючы на прамое пытаньне, ці затрымалі Нікіфаровіча, сакратарка заявіла, што ёй нічога пра гэта не вядома:

«На працоўным месцы Сяргея Алегавіча цяпер няма, але пра тое, што яго затрымалі, я нічога ня ведаю. Дзякуй, што сказалі».

21 сьнежня журналістцы, якая пад выглядам сакратара аднаго з расейскіх партнэраў прадпрыемства патэлефанавала ў прыёмную Нікіфаравіча і паспрабавала прызначыць сустрэчу, адказалі, што ён «у адпачынку».

«Да Новага года дакладна не. Сяргей Алегавіч у адпачынку. Вось пасьля і тэлефануйце, калі ласка», — сказала сакратар гендырэктара, параіўшы зьвязацца пасьля 8 студзеня.

18-21 сьнежня журналісты таксама спрабавалі датэлефанавацца на мабільны тэлефон генэральнага дырэктара, аднак ён не падняў слухаўку.

Сяргей Нікіфаровіч нарадзіўся ў 1979 годзе ў Жодзіне. Працоўную карʼеру пачаў на БелАЗе на пасадзе майстра ўчастка. З 2015 па 2017 год быў намесьнікам старшыні Жодзінскага гарвыканкаму, потым перайшоў на працу ў пінскае ААТ «Кузлітмаш», дзе спачатку працаваў намесьнікам дырэктара, а пазьней узначаліў прадпрыемства. 21 верасьня 2020 году яго прызначалі гендырэктарам ААТ «БелАЗ — кіроўная кампанія холдынгу «БелАЗ-Холдынг».

14 сьнежня намесьнік старшыні Сьледчага камітэту Беларусі Анатоль Васільеў расказаў БелТА пра гучныя карупцыйныя злачынствы, якія былі раскрытыя толькі ў 2023 годзе. Паводле Васільева, факты хабарніцтва сёлета былі выяўленыя, сярод іншага, і на БелАЗе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG