Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік Эўразьвязу: «Мы ўважліва сочым, каб нашыя санкцыі супраць Расеі не абыходзілі празь Беларусь»


Пэтэр Стана
Пэтэр Стана

18 сьнежня Эўразьвяз прыняў 12-ы пакет санкцыяў супраць Расеі, у які ўвайшла забарона на экспарт у РФ хімікатаў, станкоў, літыевых батарэяў, рухавікоў для бесьпілётнікаў. Для Беларусі гэтай забароны няма, але ў ЭЗ кажуць, што «ўважліва прыглядаюцца», каб пераканацца, што санкцыі эфэктыўныя і іх не абыходзяць шляхам рээкспарту празь Беларусь.

Як пракамэнтаваў «Белсату» прэс-сакратар Эўрапейскай камісіі Пэтэр Стана, 12-ы пакет санкцыяў якраз накіраваны на тое, каб не дапусьціць абыходу Расеяй эўрапейскіх санкцыяў.

«Гэта тое, да чаго мы вельмі ўважліва прыглядаемся, каб пераканацца, што нашы санкцыі эфэктыўныя і іх не абыходзяць шляхам экспарту празь Беларусь ці якія-небудзь іншыя кампаніі. У гэтым 12-м пакеце мы ўвялі санкцыі ў дачыненьні да 29 суб’ектаў зь іншых краін, якія дзейнічаюць як нерасейскія арганізацыі і займаюцца абыходам санкцыяў ЭЗ. Калі мы знойдзем доказы або прыкметы таго, што нешта падобнае адбываецца, мы гатовыя рабіць далейшыя крокі», — адзначыў Пэтэр Стана.

Цяпер Эўразьвяз вядзе падрыхтоўку новага пакету санкцыяў. Паводле Пэтэра Стана, мэты санкцыяў «палягаюць у тым, каб зьнішчыць расейскі вайсковы патэнцыял, эканамічную і тэхналягічную базу, каб Расеі было больш складана працягваць сваю незаконную агрэсію супраць Украіны».

Стана нагадаў, што Беларусь ужо знаходзіцца пад шэрагам санкцыяў ЭЗ і што ў новы санкцыйны сьпіс таксама трапілі беларускія чыноўнікі і вайскоўцы.

«Так было і ў мінулым, мы ўжывалі санкцыі супраць людзей і арганізацыяў ня толькі з Расеі, але і зь Беларусі за іх удзел у незаконнай агрэсіі Расеі і яе падтрымку. У асноўным гэта людзі з войска, абароннай прамысловасьці або зь бізнэс-сфэры, якія маюць цесныя сувязі з рэжымам. Важна тое, наколькі глыбока гэтыя людзі падтрымліваюць агрэсію расейскіх войскаў супраць Украіны. Гэтыя сьпісы асобаў зацьвярджаюцца 27 дзяржавамі – сябрамі ЭЗ на аснове наяўных доказаў», — падсумаваў Пэтэр Стана.

19 сьнежня Эўразьвяз прыняў 12-ы пакет санкцыяў адносна Расеі і Беларусі. У новы пакет санкцыяў за расейскую вайну ва Ўкраіне трапілі 12 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. У ЭЗ іх лічаць адказнымі за матэрыяльную падтрымку агрэсіі Расеі супраць Украіны. Іх абмяжуюць у магчымасьці атрымліваць візы і замарозяць іхныя актывы на тэрыторыі ЭЗ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG